Блог з такой назвай свайго сталага аўтара Аляксея Рошчына апублікаваў партал NewsRU. Аляксей Рошчын — расейскі паліттэхноляг, сацыяльны псыхоляг паводле адукацыі, адзін з кіраўнікоў Цэнтру палітычных тэхналёгіяў. У сваім аналізе Рошчын разглядае як выгады для Крамля ад аб’яднаньня зь Беларусьсю, гэта і рызыкі гэтага праекту.
Прапануем вам пераклад блогу
«Лявада-Цэнтар» апублікаваў дадзеныя новага усерасейскага апытаньня, паводле якога рэйтынг Пуціна працягнуў абвальвацца сапраўды стаханаўскімі тэмпамі: яшчэ ў чэрвені было 48%, а ў верасьні ўжо 39% (гэта ўжо ня кажучы пра тое, што ў лістападзе 2017-га «Лявада -Цэнтар» налічыў Пуціну ўсе 59%).
Адначасна вырасьлі і паказчыкі недаверу («антырэйтынгі») Пуціна — з 11 да 13% за той самы пэрыяд.
Насамрэч 39% «даверу» ад усіх выбаршчыкаў — паводле заходніх мерак паказьнік вельмі нават нядрэнны, у Трампа ён за ўсе два гады прэзыдэнцтва да 39% наогул ні разу не ўздымаўся, у прэзыдэнта Францыі ў жніўні ён падаў да 34%, столькі ж у ліпені было ў Тэрэзы Мэй у Брытаніі. На агульным фоне вылучаецца хіба што Ангела Мэркель — яе асабісты рэйтынг складае ў Нямеччыне 48%. Яшчэ год таму Пуцін сваю адвечную нямецкую візаві ўпэўнена, на 10%, апярэджваў, а цяпер на тыя самыя 10% адстае. У цэлым можна сказаць, што нічога страшнага для Пуціна не адбываецца, тым больш, што бліжэйшыя выбары ў яго, мякка кажучы, ня хутка.
Але гэта як паглядзець. Калі вярнуцца да тых самых прыкладаў з краін «першага сьвету»: Мэй ў Ангельшчыне даўно на мяжы адстаўкі, Трамп — на мяжы імпічмэнту, Макрон — пакуль трымаецца, але незадаволенасьць усё мацнейшая, і нават пра Мэркель, пасьля таго, як яе рэйтынг апусьціўся ніжэй за 50%, усё часьцей чуваць размовы, што яе дні ва ўладзе ў Нямеччыне палічаныя.
То бок факты паказваюць, што рэйтынг ніжэй за 40% вельмі некамфортны для яго ўладальніка. Тым больш, што паніжальная дынаміка рэйтынгу Пуціна напэўна яшчэ ня вычарпаная, гэта значыць, ён яшчэ можа штурмаваць новыя «нізіны». І як гэтаму супрацьстаяць, калі ўся ўнутраная і зьнешняя палітыка РФ у 2018 годзе, здаецца, складаецца з суцэльных катастрофаў і правалаў, хіба што ЧС у футболе вылучаецца адзінай сьветлай плямай на агульным пахавальным фоне?
Але, здаецца, ужо зразумела, як Крэмль зьбіраецца адыгрываць пункты: варыянт зноў выбіраецца «несымэтрычны». На ўсе правалы і няўдачы яны зьбіраюцца адказаць адным махам... далучэньнем Беларусі! І — як бы забʼюць усіх зайцаў разам.
Сапраўды: ужо мала хто памятае, але і перад далучэньнем Крыму рэйтынг Пуціна быў горшы за цяперашні. Папулярнасьць прэзыдэнта падала ці ў лепшым выпадку стагнавала, эканоміка ўжо тады — у пачатку 2014-га — адчувальна буксавала, усё часьцей гучалі размовы, што Пуцін «надакучыў»... але пасьля Крымнашу ўсё чароўным чынам зьмянілася, а рэйтынгі ўзьляцелі да нябёсаў.
Нядзіўна, што Крэмль рыхтуецца яшчэ раз зрабіць такі самы фокус. Тым больш, што Беларусь большая за Крым — і тэрыторыяй, і па людзьмі, і прамысловым патэнцыялам. Крэмль добра завучыў, што расейскае насельніцтва вельмі ласае на экспансію і далучэньне любых тэрыторый толькі вітае. А тут зь Беларусьсю як раз вельмі зручны выпадак.
Беларусь чарговы раз падышла да банкруцтва са сваёй своеасаблівай эканамічнай мадэльлю, пры гэтым прадаваць «бацьку» ўжо няма чаго — усё, што мог, ён ужо так або інакш прадаў або заклаў. І адначасова «бацькавы» заляцаньні да Кітаю і ЭЗ пачалі прымаць ужо і зусім пагрозьлівы для расейскіх інтарэсаў характар. Аж да таго, што раптоўна ў Беларусі пры падтрымцы ўладаў зноў пачала «разгарацца» цікавасьць да беларускай мовы.
Вось і зьявіліся ідэя — «бацьку» прыбраць («дасталі твае фокусы!»), а пад гэтай справай «інтэграваць» Беларусь аж ужо да поўнага паглынаньня нашай «фэдэрацыяй». Паводле чутак, Лукашэнку на гэты конт выставілі ўжо сапраўдны ўльтыматум.
І рэакцыя бачная голым вокам — у прыватнасьці, «бацька» раптам наўпрост загаварыў пра нейкую «раздачу зброі» і «збройны супраціў агрэсару» — ня кажучы, праўда, якому. Некаторыя простыя людзі шчыра зьдзівіліся — чаго гэта раптам беларускі дучэ з NATO ваяваць сабраўся?! А намёк, падобна, быў зусім не на NATO...
У Крамлі, праўда, упэўненыя, што ў «бацькі» проста такі своеасаблівы спосаб таргавацца, набівае сабе цану: там думаюць, што моцна трымаюць гэтага сьлізкага вугра за жабры. І сурʼёзна мяркуюць, што праз чарговы аншлюс здолеюць паправіць ня толькі справы ў айчыне, але і рэйтынг.
Хоць, насамрэч, тут усё вельмі сумнеўна. Па-першае, далёка ня факт, што Беларусь і гэтым разам не сарвецца з кручка. Насамрэч такіх вось «амаль далучэньняў» у найноўшай гісторыі ўзаемаадносінаў РФ і Беларусі было зь дзясятак, і «бацька» сасьлізгваў. Але нават калі б удалося — крымскага эфэкту цалкам можа і ня быць. Справа ў тым, што, як гэта ні сьмешна, але параўнальная каштоўнасьць Крыму і Беларусі для расейскай грамадзкай думкі розная, і не на карысьць Беларусі, якая лічыцца большасьцю насельніцтва і так «практычна расейскай». Сяброўства, саюзная дзяржава, адсутнасьць мяжы і мытні, панаваньне расейскай мовы па абодва бакі мяжы, супольныя вайсковыя вучэньні, папулярнасьць самога «бацькі» ўнутры РФ — у Расеі насельніцтва даўно ўпэўненае, што Беларусь і так «наша», таму вестку пра паглынаньне ўспрыме хутчэй са зьдзіўленьнем.
Словам, нічога ня выйдзе, другі Крым не атрымаецца. А ўлічваючы цяперашнюю форму Крамля, калі ў яго ўсё ў літаральным сэнсе валіцца з рук, лепш бы, далібог, яны нават не спрабавалі. Бо будзе толькі горш.