Жыхары вёскі Валосавічы Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці адстаялі кіраўніка сельскай гаспадаркі Васіля Лаханскага, якога ўлады хацелі звольніць.
З раніцы 9 кастрычніка даяркі і мэханізатары зладзілі страйк і ня выйшлі на працу. Бліжэй да вечара пратэст скончыўся, бо ўлады паабяцалі, што Лаханскі застанецца на сваёй пасадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне страйк: калгасьнікі пратэстуюць супраць звальненьня кіраўнікаАдкрытае акцыянэрнае таварыства «Некрашынскі» — на тэрыторыі вёскі Валосавічы. 19 гадоў гаспадарку ўзначальвае Васіль Лаханскі. Даяркі і мэханізатары хваляць яго.
«Ён для нас стараецца, будуе новыя хлявы, стварае працоўныя месцы. У калгас едуць зь іншых вёсак працаваць, таму ў нас шмат перасяленцаў. Мы самі пераехалі, бо ў нашай вёсцы была слабая гаспадарка. А тут — і жытло, і людзкае стаўленьне, і заробак 500 рублёў, у некаторых 800 дасягае. Мы за дырэктара», — кажа адна з даярак Валянціна.
Вяскоўцы выйшлі на стыхійны сход з патрабаваньнем, каб прыехалі раённыя начальнікі і патлумачылі, за што Лаханскага здымаюць з пасады. Людзей абурыла, што зь імі ніхто не параіўся.
«Зранку прайшло даеньне, пакармілі жывёлу і спынілі працу. Прыехала начальства з Акцябрскага, але не зрабіла ласкі з намі нармальна паразмаўляць. Маўляў, мы балаган учынілі. І зьехалі. Пазьней прыехалі прадстаўнікі прафсаюзаў з райцэнтру і з Гомля. І тады ўжо сказалі, што на ўзроўні губэрнатара вырашылі не звальняць нашага Лаханскага. Вось і чаму нельга было адразу зрабіць па-людзку?» — кажа жыхарка вёскі.
Увечары даяркі і мэханізатары аднавілі працу — ім паабяцалі, што дырэктар застанецца на сваёй пасадзе.
У райвыканкаме Свабодзе адказалі, што «ўсё добра вырашылася, людзі выйшлі на працу, было маленькае непаразуменьне, але ўсё ўладзілася». Пры гэтым на пытаньне, ці сапраўды Лаханскага зьбіраліся звольніць і чаму, адказаць адмовіліся.