Грамадзянін Украіны, жыхар Крыму Ўладзімір Балух, асуджаны ў Расеі больш як на чатыры гады зьняволеньня за нібыта захоўваньне зброі, заявіў, што спыніў галадоўку, якую трымаў 205 дзён.
Ліст Уладзіміра Балуха сёньня ў Кіеве агучылі кіраўніца Крымскай праваабарончай групы Вольга Скрыпнік і архіяпіскап Сымфэропальскі і Крымскі Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Клімент. Напярэдадні, 8 кастрычніка, сьвятар наведаў украінца ў ізалятары Сымфэропаля.
Уладзімір Балух падзякаваў украінцам за маральную падтрымку і салідарнасьць:
«На працягу апошніх 22 месяцаў маё фізычнае і псыхічнае выжываньне было б немагчыма бяз вас. Дзякуй усім за шалёную падтрымку! Выкарыстаўшы апошні шанец знайсьці ў карнай сыстэме акупанта хаця б шчыліну, дзе б гарэлі парасткі здаровага сэнсу або намёку на гонар, я вырашыў спыніць рэжым галадоўкі. Паспрабую захаваць сябе ў гэтым аксюмароне, але ні ў якім разе ня буду рабіць гэта любой цаной. Гонар і годнасьць майго народу, які адстаяў на Майдане коштам жыцьцяў Герояў Нябеснай Сотні, вартыя і большага, чым маё жыцьцё. Менавіта таму я не дазволю сабе ўжываць ежу з рук акупанта і надзець яго турэмную робу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крыме ўкраінскаму актывісту прысудзілі 5 гадоў за канфлікт з турэмнікамУладзімір Балух таксама абвясьціў свае жаданьне на выпадак «фізычнай або псыхічнай сьмерці», каб ягонае цела не засталося на акупаванай тэрыторыі:
«Я б хацеў, каб гэта была сельская мясцовасьць на беразе Дняпра пад Кіевам. Зь непераадольнай верай у шчасьлівы лёс Украіны ўручаю лёс свой у рукі Ўсявышняга. Нізкі паклон усім, хто любіць украінства, клапоціцца аб яго захаваньні і разьвіцьці!»
Уладзіміра Балуха цяпер перавязуць адбываць пакараньне ў расейскую калёнію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатка: галадоўнік у крымскім ізалятары не атрымлівае мэдычнай дапамогіФСБ Расеі затрымала Ўладзіміра Балуха 8 сьнежня 2016 году. Супрацоўнікі ФСБ сьцьвярджалі, што знайшлі на гарышчы дому, дзе жыве Балух, 90 патронаў і некалькі тратылавых шашак. Суд у Крыме прызнаў Балуха вінаватым у захоўваньні боепрыпасаў і прысудзіў яму 3,5 года пазбаўленьня волі.
Абарона Балуха і праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ён стаў ахвярай рэпрэсіяў за сваю праўкраінскую пазыцыю — за сьцяг Украіны, які знаходзіўся ў двары ягонага дому.
У ліпені суд у Крыме паўторна прысудзіў Балуху 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму і штраф 10 тысячаў рублёў за канфлікт з турэмнікамі. У кастрычніку Вярхоўны суд Крыму зьменшыў пакараньне да 4 гадоў і 11 месяцаў.
5 кастрычніка адвакат яшчэ аднаго асуджанага ў Расеі ўкраінца Дзьмітрый Дзінзе абнародаваў ліст свайго падабароннага Алега Сянцова, у якім той паведамляў пра намер спыніць галадоўку з 6 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галадоўка Алега Сянцова ўвайшла ў гісторыю найбольш працяглых акцыяў пратэстуСёньня ж расейскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, што Алег Сянцоў не спыніў галадоўкі. Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава заявіла, што сапраўднасьць гэтых паведамленьняў будзе неўзабаве праверана.