Кампанія Google абвясьціла аб закрыцьці сваёй сацыяльнай сеткі, бо «ёсьць значныя выклікі ў распрацоўцы і падтрымцы Google Plus як пасьпяховага прадукту і задавальненьня чаканьняў карыстальнікаў».
Агляд праекту «пацьвердзіў тое, што даўно ведалі»: сацсеткай мала карыстаюцца. Больш як 90% карыстальнікаў праводзілі там менш за 5 сэкундаў за візыт. Пры гэтым акаўнт у Google+ аўтаматычна ствараўся для любога, хто рэгістраваўся на пошце Google (або, напрыклад, рэгістраваўся на Youtube — для гэтага таксама трэба пошта Google).
Працэс закрыцьця сацсеткі мае заняць 10 месяцаў — канчатковае спыненьне працы заплянавалі на наступны жнівень. У гэты час карыстальнікам абяцаюць паведамляць, як захаваць іхныя зьвесткі. Надалей сацсетка будзе працаваць толькі для карпаратыўных карыстальнікаў, а для звычайных стане недасяжнай.
Справа ня толькі ў непапулярнасьці. Google выкрыла праблему з кодам, якая ставіла пад пагрозу зьвесткі 500 тысяч акаўнтаў. Амаль пяць соцень праграмаў карысталіся кодам зь «дзіркай». Але Google падкрэсьлівае, што няма сьведчаньняў аб тым, каб нехта карыстаўся «дзіркай» у абароне і выкрадаў зьвесткі карыстальнікаў.
Паведамленьне аб закрыцьці Google+ зьявілася ў той жа дзень, калі Wall Street Journal выдаў расьсьледаваньне аб патэнцыйнай уцечцы зьвестак карыстальнікаў — але і журналісты падкрэсьлівалі, што ў кампаніі няма зьвестак аб тым, што нехта скарыстаўся магчымасьцю нешта скрасьці. Часопіс сьцьвярджае, што закрыцьцё сацсеткі было адказам на выкрыцьце «дзіркі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе з маімі сацсеткамі, калі я памру?На піку папулярнасьці сацсетка мела тры сотні мільёнаў актыўных карыстальнікаў (праўда, яны былі актыўнымі толькі тры хвіліны на месяц — непараўнальна з гадзінамі, праведзенымі на Facebook), пры тым што сэрвісамі Google карыстаюцца больш як 2 мільярды чалавек. Google раней ужо спрабавала запусьціць сацсеткі Google Buzz, Google Friend Connect, Orkut і Google Wave.
Google па-ранейшаму мае сэрвісы для перапіскі, аўдыё- і відэасувязі (GMail, Hangouts, Allo і Duo), для захоўваньня файлаў, фота і відэа (Drive, Photos і Youtube). Пасьля абвесткі аб закрыцьці Google Plus акцыі карпарацыі Alphabet упалі толькі на 1%.