Праваабарончая прэмія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы імя Вацлава Гаўла прысуджана кіраўніку чачэнскага філіялу праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» Аюбу Ціціеву, які цяпер знаходзіцца пад вартай.
Пра гэта на сэсіі ПАРЭ, якая адкрылася ў панядзелак у Страсбургу, заявіла старшыня асамблеі Ліліян Мары Паск’е.
Зварот Аюба Ціціева быў зачытаны з трыбуны Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. У ім праваабаронца піша пра «атмасфэру беспакаранасьці», якая пануе ў Чачні, і пра сфабрыкаваныя крымінальныя справы, якія суправаджаюцца, паводле яго слоў, катаваньнямі і зьдзекамі.
Сам Ціціеў лічыць свой крымінальны перасьлед помстай за пошук зьніклых бязь вестак і ўсталяваньне вінаватых у гібелі людзей падчас вайны ў Чачні. Ён нагадаў пра лёс праваабаронцы Наталіі Эстэміравай, якая была забітая.
Ціціеў быў арыштаваны 9 студзеня. Яго абвінавацілі ў захоўваньні і перавозцы наркотыкаў. Сам ён заяўляе, што марыхуану яму падкінулі. Цяпер у Чачні ідзе суд над праваабаронцам.
На сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, як чакаецца, будзе разгледжаны праект рэзалюцыі аб зьмене рэглямэнту, прыняцьце якога тэарэтычна можа прывесьці да зьняцьця абмежаваньняў на працу расейскай дэлегацыі, уведзеных пасьля анэксіі Крыму.
Расея раней прыгразіла, што можа выйсьці з Рады Эўропы, калі яе дэлегатам ня вернуць права голасу на сэсіі. Супраць аднаўленьня правоў расейскай дэлегацыі выступае Ўкраіна.