Адказ прыйшоў на імя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай.
«Калі казаць коратка, то адказ можна зьвесьці да аднаго сказу: гэта пытаньне ня нашай кампэтэнцыі» — сказала 8 кастрычніка Свабодзе Канапацкая.
Паводле яе, паколькі ў лісьце зь Міністэрства культуры, як, дарэчы, і ў адказах яшчэ з двух міністэрстваў — унутраных спраў і юстыцыі, няма стаўленьня міністэрстваў да законапраекту і бел-чырвона-белага сьцяга, то давядзецца зьвяртацца ў іншыя інстанцыі. «Куды канкрэтна, мы вырашым з маёй калегай Аленай Анісім, таму што законапраект аб бел-чырвона-белым сьцягу мы рыхтавалі супольна», — удакладніла Канапацкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая распрацавала законапраект аб ахове бел-чырвона-белага сьцяга. Што яна прапануеАбедзьве дэпутаткі выказвалі думку, што трэба дазволіць вольнае выкарыстаньне гістарычнага сьцяга ў Беларусі, у тым ліку дзяржаўнымі ўстановамі, і абараніць яго ад неправамерных перашкод у выкарыстаньні.
Пазыцыя МУС: «У пададзеным праекце закону няма нарматыўных праўных загадаў і даручэньняў», якія датычацца ведамства.
Пазыцыя Міністэрства юстыцыі: «Законапраект неабходна ўзгадніць з шэрагам дзяржаўных органаў, у прыватнасьці зь Міністэрствам культуры».
Што важна ведаць аб законапраекце пра бел-чырвона-белы сьцяг
14 траўня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прэзэнтавала грамадзкасьці законапраект аб выкарыстаньні і ахове бел-чырвона-белага сьцяга.
- Дакумэнт накіравалі ў міністэрствы культуры, унутраных спраў і юстыцыі.
- Пра сваё аўтарства на законапраект заяўляў былы студэнт юрыдычнага факультэту БДУ.
- Раней кампаніямі за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці займаліся «Арт Сядзіба», «Гавары праўду» і «Малады Фронт».
- Дзяржаўным сымбалем Рэспублікі Беларусь бел-чырвона-белы сьцяг быў з 1991 па 1995 год.