Маці асуджанага паводле наркатычнага артыкулу спыніла галадоўку ля менскай турмы

Марына Мацулевіч галадае на лаўцы каля турмы на Валадарскага. 7 кастрычніка 2018 году

Марына Мацулевіч, якая два дні галадала каля менскага сьледчага ізалятару нумар 1, спыніла сваю акцыю. Пра гэта яна паведаміла карэспандэнту Свабоды.

Паводле жанчыны, яе 31-гадовага сына, музыку Рамана больш за год утрымліваюць за кратамі. Ён быў затрыманы разам зь сябрам і асуджаны летась у ліпені Савецкім раённым судом Менска паводле артыкулу 328.3 да 14 гадоў зьняволеньня. Сёлета апэляцыйны суд зьмяніў частку з 328.3 на 328.2 і зьменшыў тэрмін пакараньня на 1 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці зьняволенага галадае каля «Валадаркі», пакуль ня прыйдзе пракурор

Сёньня Марына Мацулевіч аднесла заяву ў пракуратуру, у якой патрабуе дадаткова разабрацца ў сытуацыі. Яна настойвае на істотных парушэньнях падчас сьледзтва і лічыць, што яе сына ня мусілі судзіць, паколькі ён добраахвотна выдаў наркотык і супрацоўнічаў са сьледзтвам.

У прыватнасьці, у пратаколе не адзначана, што Раман актыўна садзейнічаў сьледзтву. У выніку зь яго быў зьняты эпізод адносна распаўсюду наркатычных сродкаў, але пакінута тое, што ён дзейнічаў у складзе «міжнароднай злачыннай групоўкі».

Марына Мацулевіч

Марына Мацулевіч кажа, што галадоўка прайшла без эксцэсаў. Міліцыянты яе не чапалі, яна сядзела на лавачцы перад будынкам турмы, ніякіх плякатаў у яе не было. Паводле жанчыны, эфэкт ад акцыі дасягнуты — на яе праблемы зьвярнулі ўвагу прэса і дзяржаўныя ўстановы.

Падтрымаць жанчыну прыходзілі іншыя маці, дзеці якіх гэтаксама асуджаныя паводле наркатычнага заканадаўства.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.