Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын пагадзіўся на правядзеньне другога саміту з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Дзярждэпартамэнт ЗША пацьвердзіў, што дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо і лідэр КНДР Кім Чэн Ын «удакладнілі варыянты» месца і тэрмінаў правядзеньня другога саміту з удзелам Дональда Трампа і паўночнакарэйскага кіраўніка.
Канкрэтная дата правядзеньня саміту пакуль не паведамляецца.
Пра тое, што Пампэо і паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын дамовіліся правесьці другі амэрыкана-паўночнакарэйскі саміт «як мага хутчэй», паведамілі раней 7 кастрыніка ў адміністрацыі прэзыдэнта Паўднёвай Карэі. Паведамленьне зьявілася пасьля таго, як Майк Пампэо, які перад гэтым назваў «плённымі» свае перамовы аб дэнуклеарызацыі Паўночнай Карэі, прыбыў у Сэул.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША сустрэўся з Кім Чэн Ынам у ПхэньянеВ.а. намесьніка дзяржсакратара ў грамадзкай дыпляматыі Гэзэр Наўэрт заявіла: «Дзяржсакратар Пампэо і Кім Чэн Ын таксама дамовіліся даць рабочым групам з абодвух бакоў указаньне неадкладна правесьці сустрэчу і інтэнсыфікаваць абмеркаваньне ў найважнейшых пытаньнях, якія засталіся, з тым, каб рэалізаваць [ідэі, сфармуляваныя ў] сумеснай заяве па выніках саміту у Сынгапуры».
Наўэрт паведаміла, што Кім Чэн Ын запрасіў інспэктараў на ядзерны палігон Пунгеры, каб пераканацца, што ён «дэмантаваны незваротным чынам».
Папярэдняя сустрэча Дональда Трампа і Кім Чэн Ына прайшла на саміце ў Сынгапуры 12 чэрвеня. Там паўночнакарэйскі лідэр паабяцаў, што КНДР адмовіцца ад свайго ядзернага арсэналу, але ў дасягнутым пагадненьні не было пазначана, як і калі гэта можа адбыцца. У верасьні Кім Чэн Ын заявіў, што ён спадзяецца правесьці дэнуклеарызацыю краіны да канца першага тэрміну Трампа ў Белым доме, гэта значыць да студзеня 2021 году.