Праваахоўнікі Баўгарыі заяўляюць, што расьсьледуюць забойства журналісткі-дасьледніцы Вікторыі Марынавай, каб усталяваць, ці зьвязана забойства зь яе прафэсійнай дзейнасьцю.
Як паведаміў на прэс-канфэрэнцыі намесьнік кіраўніка ўпраўленьня Міністэрства ўнутраных спраў у горадзе Русэ на поўначы краіны Ілія Енчаў, цела жанчыны выявіў мінак у гарадзкім парку 6 кастрычніка. Спачатку цела не ўдавалася апазнаць, бо пры ім не было дакумэнтаў або мабільнага тэлефона.
Як дадаў пракурор Георгі Георгіеў, калі цела ідэнтыфікавалі, стала ясна, што пры забітай не было таксама ключоў ад машыны і акуляраў. Таксама не хапала некаторых прадметаў яе адзеньня.
Марынава загінула ў выніку «камбінаванай траўмы галавы і ўдушэньня», сказаў ён. Пракурор адмовіўся ўдакладняць, ці ёсьць прыкметы сэксуальнага нападу, і сказаў толькі, што сьледзтва разглядае некалькі тэорый, ад выпадковага нападу да нападу, зьвязанага з працай забітай.
У прыватнай тэлекампаніі «ТВН», дзе працавала Марынава, Радыё Свабода пацьвердзілі яе сьмерць, але камэнтаваць ня сталі, параіўшы пачакаць афіцыйнай заявы станцыі.
Паводле зьвестак мясцовых сродкаў інфармацыі, падчас нападу Марынава, верагодна, рабіла ў парку прабежку, каб патрэніравацца перад плянаваным удзелам у масавым забегу.
Вікторыя Марынава шмат гадоў вяла на тэлеканале шоў пра стылі жыцьця, яна таксама ўваходзіла ў кіраўніцтва каналу. Некалькі месяцаў таму яна пачала весьці праграму журналісцкіх расьсьледаваньняў «Дэтэктар». Апошні выпуск праграмы быў прысьвечаны расьсьледаваньню магчымай карупцыі пры ўдзеле прыватных кампаній, якія нямэтавым чынам выкарыстоўвалі фінансаваньне ад Эўрапейскага зьвязу.
На ўрадавай нарадзе галоўных сілавікоў 7 кастрычніка, якая была заплянавана раней, прэм’ер-міністар Бойка Барысаў паабяцаў, што справа будзе раскрытая.
Хоць пакуль ня ясна, ці зьвязана забойства Марынавай зь яе працай, некалькі арганізацый абароны журналістаў у Эўропе ўжо выступілі з заявамі і заклікамі належным чынам расьсьледаваць гэтае злачынства.