Служба бясьпекі Ўкраіны сёньня абнародавала прозьвішчы і пэрсанальныя дадзеныя 206 пазаштатных супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі, у тым ліку з прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр», якія ваявалі на тэрыторыі Сырыі і Ўкраіны.
У пераліку — прозьвішчы грамадзян Расеі, Украіны, Малдовы, Армэніі, Казахстану, Узбэкістану і Беларусі.
Паводле інфармацыі СБУ, на дадзены момант беларускія грамадзяне з усіх замежнікаў ёсьць найбольшай нацыянальнай групай, прадстаўленай у расейскай вайсковай брыгадзе.
У прыватнасьці, гаворка ідзе пра шасьцёх асобаў, якія маюць грамадзянства Беларусі: Руслан Бабінін (1967 года нараджэньня зь Менску), Канстанцін Гірс (1986 года нараджэньня з Наваполацку), Эдвард Давыдаў (1991, з Іванава Берасьцейскай вобласьці), Сяргей Сазанаў (1972, з Гомельшчыны, Рэчыца), Аляксандар Ступніцкі (1989, з Воршы) і Вадзім Юшкевіч (1981, з Наваполацку). Паводле СБУ, усе яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях у Сырыі ў лютым 2018 году.
У СБУ пакрэсьлілі, што працягваюць далейшую працу «па выкрыцьці злачыннай дзейнасьці так званых прыватных ваенных кампаній, падкантрольных спэцслужбам Расеі».