Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім 5 кастрычніка атрымала адказы зь міністэрстваў унутраных справаў і юстыцыі наконт прапановы прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Пра гэта Анісім паведаміла журналісту Свабоды.
Спойлер: у адказах няма стаўленьня міністэрстваў да законапраекту і бел-чырвона-белага сьцягу.
Звароты ў міністэрствы культуры, унутраных справаў і юстыцыі Анісім накіроўвала сумесна з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай і сустаршынёй БХД Вольгай Кавальковай. Адказу зь Міністэрства культуры на момант публікацыі няма. Усе міністэрствы мусілі адказаць да 3 кастрычніка.
Абедзьве дэпутаткі выказвалі думку, што трэба дазволіць вольнае выкарыстаньне гістарычнага сьцяга ў Беларусі, у тым ліку дзяржаўнымі ўстановамі, і абараніць яго ад неправамерных перашкодаў у выкарыстаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся збор подпісаў у падтрымку законапраекту пра бел-чырвона-белы сьцягПазыцыя МУС: «у прадстаўленым праекце закону няма нарматыўных праўных загадаў і даручэньняў», якія датычацца ведамства.
Пазыцыя Міністэрства юстыцыі: Законапраект неабходна ўзгадніць з шэрагам дзяржаўных органаў, у прыватнасьці зь Міністэрствам культуры.
На просьбу Свабоды пракамэнтаваць лісты з двух міністэрстваў дэпутатка Анісім адказала, што яна спачатку хацела пабачыць пазыцыю Міністэрства культуры. Аднак адказу з гэтага ведамства ў яе пакуль няма.
Што важна ведаць аб законапраекце пра бел-чырвона-белы сьцяг
14 траўня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прэзэнтавала грамадзкасьці законапраект аб выкарыстаньні і ахове бел-чырвона-белага сьцяга.
- Дакумэнт накіравалі ў міністэрствы культуры, унутраных спраў і юстыцыі.
- Пра сваё аўтарства на законапраект заяўляў былы студэнт юрыдычнага факультэту БДУ.
- Раней кампаніямі за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці займаліся «Арт Сядзіба», «Гавары праўду» і «Малады Фронт».
- Дзяржаўным сымбалем Рэспублікі Беларусь бел-чырвона-белы сьцяг быў з 1991 па 1995 год.