Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава патрабуе ад уладаў Расеі паскорыць працэс допуску яе да ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, каб пераканацца, што ягонаму жыцьцю пасьля спыненьня галадоўкі нічога не пагражае.
«Выхад з галадаваньня — працэс яшчэ больш складаны і страшны, чым само галадаваньне. І я глыбока перакананая, што ў Расеі не забясьпечваюць яму належнага мэдычнага суправаджэньня. Я па-ранейшаму патрабавала накіраваць да яго высокакваліфікаваных спэцыялістаў, але Крэмль гэтага не зрабіў», — паведаміла Людміла Дзянісава.
Паводле яе, інфармацыю аб спыненьні Сянцовым галадоўкі пацьвердзіў дарадца расейскага прэзыдэнта, старшыня рады разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека Міхаіл Фядотаў. «Прычыны (спыненьня галадоўкі. — РС) расейскі чыноўнік ня ведае», — адзначыла Людміла Дзянісава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сянцоў спыніў галадоўку, заявілі расейскія турэмнікіАдвакат Сянцова пакуль не пацьвердзіў гэтую інфармацыю, бо якраз знаходзіцца на сустрэчы з украінцам у калёніі. Наталія Каплан, сястра Алега Сянцова, пакуль не адказвае на тэлефанаваньні.
Алег Сянцоў адбывае 20-гадовы тэрмін у расейскай калёніі паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме. Ён абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў у Расеі. Зьняволены казаў, што мае намер «галадаць да сьмерці».
У лісьце ўпаўнаважанаму ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад кіраўніка расейскай Рады правоў чалавека ад 27 верасьня гаварылася, што ўкраінскі зьняволены знаходзіцца пад дыспансэрным назіраньнем у сувязі з захворваньнем апорна-рухальнага апарату. З 8 чэрвеня Сянцоў атрымлівае харчовую сумесь і штодзённую інфузійную тэрапію, гаворыцца ў лісьце Фядотава. Але «станаў, якія пагражаюць жыцьцю пацыента, і мэдычных паказаньняў для прымусовага лячэньня ня выяўлена».
Маці Сянцова зьвярталася да Ўладзіміра Пуціна з прашэньнем памілаваць сына, але ёй адмовілі. Сам Сянцоў ня стаў прасіць Пуціна аб памілаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алег Сянцоў афіцыйна намінаваны на прэмію Сахарава