Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Пятро Цыгікал зьняпраўдзіў заяву Аляксандра Лукашэнкі аб павелічэньні колькасьці зброі, што нібыта незаконна перапраўляецца празь мяжу з Украіны ў Беларусь.
«Мы штомесяц абменьваемся справаздачамі зь беларусамі. Была і размова першага намесьніка кіраўніка ведамства Васіля Сервацюка (пасьля заявы Лукашэнкі. — РС) зь першым намесьнікам кіраўніка памежнага ведамства Беларусі, у якой той запэўніў, што ніякіх фактаў наконт перамяшчэньня зброі ў іх няма. І затрыманьне, якое адбылося ў Гомельскай вобласьці на кватэры ў беларуса, дзе знайшлі зброю, ніякага дачыненьня да мяжы ня мае», — заявіў Пятро Цыгікал паводле ўкраінскага інфармацыйнага агенцтва Укрінфарм.
Кіраўнік памежнай службы Ўкраіны адмовіўся камэнтаваць узмацненьне з боку Беларусі аховы на мяжы з Украінаю, назваўшы адпаведную заяву Лукашэнкі палітычнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў узмацніць мяжу з Украінай, каб спыніць нелегальны перавоз зброіПятро Цыгікал зьвязаў яе зь «вялікім грашовым траншам у гэты час з Расеі ў Беларусь».
Цыгікал дадаў, што Ўкраіна таксама павялічвае колькасьць сваіх падразьдзяленьняў на мяжы, але гэта зьвязана не з адпаведнымі дзеяньнямі Беларусі, а з новымі выклікамі і новай памежнай тактыкай дзяржавы — цяпер падразьдзяленьні службы знаходзяцца бліжэй да мяжы і ахоўваюць участкі ў 20 км, а ня ў 100 км, як было раней.
«Тым самым мы нарошчваем шчыльнасьць мяжы, каб супрацьдзейнічаць пагрозам, якія існуюць, — нелегальнай міграцыі, кантрабандзе тавараў і наркотыкаў», — падкрэсьліў кіраўнік памежнай службы Ўкраіны.
24 верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Станіславам Засем і старшынём Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатолем Лапо заявіў аб неабходнасьці ўзмацніць ахову на мяжы з Украінай.
«Там, дзе трэба, мы гэта зробім. Мы прынялі рашэньне аб умацаваньні мяжы з Украінай. Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёньня бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю», — заявіў Лукашэнка.
У той жа час Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла, што ў выніку супольнай беларуска-ўкраінскай апэрацыі «Рубеж-2018», якая праводзілася сёлета з чэрвеня па верасень, на мяжы выявілі і сканфіскавалі каля 100 адзінак зброі.