Віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс ў чацьвер абвінаваціў кітайскі ўрад у правядзеньні агрэсіўнай вайсковай, эканамічнай і палітычнай кампаніі, накіраванай на пашырэньне ўплыву Пэкіну ў Злучаных Штатах і па ўсім сьвеце.
Адпаведныя заявы Пэнс зрабіў падчас выступу ў Гудзонаўскім Інстытуце.
Умяшаньне ў ЗША
Паводле яго слоў, улады КНР спрабуюць паўплываць на амэрыканскую грамадзкую думку, каб зьмяніць вынікі маючых адбыцца лістападаўскіх выбараў, а затым і прэзыдэнцкай гонкі ў 2020 годзе. З гэтай мэтай, сказаў віцэ-прэзыдэнт, «Пэкін мабілізаваў сваіх агентаў» і прапаганду.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША прывёў словы высокапастаўленага супрацоўніка выведкі ЗША, які, паводле словаў Пэнса, заявіў наступнае: «Тое, што робяць расейцы — прайграе ў параўнаньні з тым, што робіць Кітай» у Амэрыцы.
Кітай выкарыстоўвае ўзнагароды і пагрозы, каб аказваць уплыў на дзейнасьць амэрыканскіх прадпрыемстваў, унівэрсытэтаў, аналітычных цэнтраў і ўрадавых чыноўнікаў, заявіў Пэнс.
Правакацыі ў сьвеце
Віцэ-прэзыдэнт зьвязаў гэтыя меркаваныя дзеяньні з больш шырокімі намаганьнямі Пэкіну для пашырэньня сваёй вайсковай і эканамічнай моцы ў Азіі і Афрыцы.
Пэнс распавёў пра «безразважныя правакацыі» кітайскіх вайскоўцаў у дачыненьні да флёту ВМС ЗША ў Паўднёва-Кітайскім моры. Гаворка, у прыватнасьці, ідзе пра нядаўні інцыдэнт, падчас якога, паводле заявы Пэнтагону, кітайскае судна «непрафэсійна і небясьпечна» наблізілася да амэрыканскага вайсковага карабля на адлегласьць 40 мэтраў.
Палітыка «даўгавой дыпляматыі»
Паводле дадзеных Пэнса, Кітай выкарыстоўвае ў Афрыцы і іншых рэгіёнах сьвету «даўгавую дыпляматыю», выдаючы краінам мільярды даляраў у выглядзе крэдытаў на разьвіцьцё інфраструктуры, якая ў далейшым дазваляе Пэкіну атрымаць доступ да замежных партоў і іншых ключавых транспартных вузлоў.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША заявіў, што «Пэкін падоўжыў жыцьцё карумпаванаму і некампэтэнтнаму рэжым Мадуры ў Вэнэсуэле, паабяцаўшы яму 5 мільярдаў даляраў у выглядзе пазыкі, якую мяркуюцца пагасіць за кошт паставак нафты» з гэтай краіны ў КНР.
Паводле словаў Пэнса, у шэрагу краін Кітай падтрымлівае на выбарах тых ці іншых кандыдатаў, якія абяцаюць ўлічыць яго стратэгічныя інтарэсы.
Супраць Трампа
Пэнс прывёў высновы выведных службаў, паводле якіх Кітай спрабуе выкарыстаць рознагалосьсі паміж рознымі органамі ўлады ў ЗША, каб падарваць зьнешнегандлёвую палітыку Дональда Трампа. «Кажучы папраўдзе, Кітай хоча іншага прэзыдэнта Амэрыкі», — падсумаваў Пэнс.
Камэрцыйны шпіянаж
Як паведамлялася раней, амэрыканская адміністрацыя вінаваціць Кітай ў камэрцыйным шпіянажы і крадзяжы інтэлектуальнай уласнасьці, у тым ліку праз хакерскія напады. Пры гэтым у некаторых кампутарных платах, якія пастаўляюцца з Кітаю ў ЗША, выяўляецца «шпіёнскі» мікрачып, піша Bloomberg.
Як паведамляе Foreign Policy, Кітай зьбіраецца скарыстацца манаполіяй на шэраг рэсурсаў для «падрыву абаронна-прамысловай базы ЗША», лічаць у Белым доме.
Адказ Злучаных Штатаў
Раней ЗША ўвялі санкцыі супраць Кітаю за куплю ім расейскіх зьнішчальнікаў Су-35 і зэнітных ракетных сыстэм С-400. Пры гэтым Трамп беспрэцэдэнтна павысіў пошліны на кітайскія тавары на суму 250 мільярдаў даляраў.
Пэкін адказаў аналягічнымі мерамі, якія распаўсюджваюцца на амэрыканскія тавары коштам 60 мільярдаў даляраў.
Кіраўнік Белага дому тлумачыць сваю гандлёвую палітыку тым, што, на яго думку, гандлёвы дысбалянс паміж краінамі складае 500 мільярдаў даляраў на карысьць Кітаю.