Вярхоўная Рада Ўкраіны ў першым чытаньні ўхваліла праект закону «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай».
Канстытуцыя Ўкраіны надае статус дзяржаўнай толькі ўкраінскай мове. Але за ўсе гады незалежнасьці тут не змаглі ўхваліць адмысловы закон аб дзяржаўнай мове.
За год да чарговых парлямэнцкіх выбараў дэпутаты Вярхоўнай Рады спрабуюць выправіць сытуацыю — для разгляду былі зарэгістраваныя чатыры варыянты праекту закону аб дзяржаўнай мове. За аснову для далейшага разгляду дэпутаты абралі адзін зь іх — ня самы радыкальны.
Расейская мова магла стаць дзяржаўнай ва Ўкраіне, як і ў Беларусі
Ужо ў пару незалежнасьці ва Ўкраіне розныя палітычныя плыні спрабавалі пазбавіць украінскую мову статусу адзінай дзяржаўнай ці хаця б павялічыць сфэры выкарыстаньня расейскай мовы, якая ў выніку русіфікацыйнай палітыкі Расейскай імпэрыі і СССР мае вялікае пашырэньне ва Ўкраіне (як і ў Беларусі).
Найбольш яскравым такім прыкладам у моўнай гісторыі Ўкраіны стаў закон «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі», ухвалены парлямэнтам у 2012 годзе. Яго ініцыявалі два дэпутаты тагачаснай партыі ўлады — Партыі рэгіёнаў — Сяргей Ківалаў і Вадзім Калесьнічэнка (першы надалей зьяўляецца дэпутатам фракцыі «Апазыцыйны блёк», другі знаходзіцца ў вышуку па справе аб дзяржаўнай зрадзе).
У выніку прыняцьця гэтага закону расейская мова атрымала статус рэгіянальнай у 13 з 27 рэгіёнаў Украіны (24 вобласьці, Аўтаномная Рэспубліка Крым, гарады Кіеў і Севастопаль), у якіх колькасць носьбітаў расейскай мовы перавышала 10 адсоткаў. Гэта стала пэўным сыгналам для тэле- і радыёкампаніяў, якія паступова адмаўляліся ад украінскай мовы ў этэры, замяшчаючы яе расейскаю. У канцы 2013 году толькі кінапаказ і адукацыя заставаліся сфэрамі, дзе ўкраінская мова захоўвала пазыцыі.
«Паўзучую русіфікацыю» спынілі падзеі 2014 году, калі працяглыя масавыя пратэсты прывялі да зьмены ўлады ў краіне. Але толькі сёлета ў лютым Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў закон Калесьнічэнкі — Ківалава неканстытуцыйным, і ў заканадаўстве ўтварыўся пэўны «моўны вакуўм».
Квоты і адукацыя як перадумовы
У траўні 2017 году Вярхоўная Рада ўхваліла закон пра моўныя квоты на тэлевізіі, які абавязаў агульнанацыянальныя тэлеканалы ня менш як 75 адсоткаў трансьляцыі весьці на ўкраінскай мове, а ў верасьні — закон аб адукацыі, якім замацоўвалася норма аб украінскай як адзінай мове навучаньня.
Абодва законы былі ўхваленыя, нягледзячы на ціск Масквы і Будапэшта, якія спасылаліся на пазыцыю нацыянальных прадстаўніцтваў расейцаў і вугорцаў ва Ўкраіне.
Менавіта гэтыя законы падрыхтавалі глебу для новага закону аб дзяржаўнай мове.
Моўных інспэктараў ня будзе, за суржык караць ня будуць
Рыхтаваньне і абмеркаваньне новага закону суправаджалася дакорамі прарасейскіх палітыкаў, маўляў, ва Ўкраіне забараняюць расейскую мову і мовы іншых нацыянальных прадстаўніцтваў аж да гвалтоўнай украінізацыі.
Адзін з праектаў прадугледжваў увядзеньне інстытуту моўных інспэктараў, якія мелі б сачыць за выкананьнем закону на ўсіх публічных захадах — ад палітычных да культурных, ппадпісваў таксама іх абавязковы пераклад на ўкраінскую мову. Прапаноўвалася забараніць выкарыстаньне гэтак званага «суржыку» (зьява, адпаведная беларускай «трасянцы». — РС), а за парушэньне моўных стандартаў — штрафаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Далей ад сталінскай моўнай рэформы: ва Ўкраіне вяртаюць клясычны правапіс. А як у БеларусіПасьля трохгадзіннага абмеркаваньня ў выніку рэйтынгавага галасаваньня за аснову для далейшага разгляду абралі кампрамісны законапраект, падрыхтаваны супольна прадстаўнікамі галіновага парлямэнцкага камітэту і грамадзкімі арганізацыямі з улікам прапановаў Вэнэцыянскай камісіі (групы экспэртаў Рады Эўропы). Такім чынам, ад моўных інспэктараў і пакараньняў за суржык дэпутаты адмовіліся.
Будуць караць за абразу ўкраінскай мовы
Галоўнае новаўвядзеньне — крымінальная адказнасьць за публічныя зьнявагу ці прыніжэньне дзяржаўнай мовы. Такія дзеянні будуць карацца штрафам (на гэты момант прапануецца 850 грыўняў — 30 даляраў у эквіваленце), або арыштам на шэсьць месяцаў, ці пазбаўленьнем волі да трох гадоў.
«Гэты законапраект напісаны прыгожа, але горш абараняе ўкраінскія інтарэсы», — перакананая ўкраінская пісьменьніца Ларыса Ніцой. Ва Ўкраіне яна вядомая ня толькі сваімі творамі для дзяцей, але і жорсткімі патрабаваньнямі да дзяржаўных службоўцаў размаўляць выключна па-ўкраінску.
Паводле яе, прапанаваны законапраект дазваляе нацыянальным меншасьцям распаўсюджваць друкаваную прадукцыю на сваёй нацыянальнай мове па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, не абмяжоўваючыся месцам кампактнага пражываньня, а таксама весьці на нацыянальнай мове навучаньне, у той час як закон «Аб адукацыі» дазваляе вывучаць нацыянальную мову ў працэсе ўкраінамоўнага навучаньня.
«У гэтым законе зьяўляецца „ківалаўскі“ артыкул аб тым, што „статус украінскай мовы ня можа звужаць моўныя правы і патрэбы нацыянальных меншасьцяў“. Гэты артыкул перакрэсьлівае ўсе ўкраінскія наказы закону. Калі я буду патрабаваць у краме абслугоўваць мяне на ўкраінскай мове, меншасьць мне будзе казаць, каб я не звужала ейных правоў размаўляць на мове меншасьці. І паліцыя прыедзе штрафаваць каго? Меншасьць ці мяне, украінку, якая хоча ўкраінскай мовы ад меншасьці?» — пытае Ларыса Ніцой.
Ці ёсьць ва Ўкраіне месца для беларускай мовы
Паводле апошняга перапісу насельніцтва 2001 году, ва Ўкраіне жывуць 275,8 тысячы беларусаў (0,6% ад усяго насельніцтва). У параўнаньні з вынікамі перапісу 1989 году колькасьць украінскіх грамадзянаў беларускага паходжаньня скарацілася на 37,3%.
Школаў зь беларускай мовай навучаньня ва Ўкраіне ніколі не было і дагэтуль няма. Раней у Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны Свабодзе паведамлялі, што ніхто зь беларусаў ці беларускай дыяспары ніколі не зьвяртаўся да іх з ініцыятывай арганізаваць вывучэньне беларускай мовы і гісторыі для дзетак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ва Ўкраіне вучаць беларускую мовуУ той жа час беларуская мова ва Ўкраіне прысутная. У шэрагу ўкраінскіх гарадоў і школьнікі, і дарослыя маюць магчымасьць вывучаць беларускую мову, а ў крамах можна набыць украінскую прадукцыю, пазначаную, хаця часам і з памылкамі, на беларускай мове.