Беларускія памежнікі прымусілі грамадзянку Беларусі запоўніць анкету на немаўля, народжанае ў Вільні, з пытаньнямі пра зьняволеньне. Таксама ў маці пыталіся пра супрацоўніцтва са спэцслужбамі.
У ноч з 1 на 2 кастрычніка маладая сям’я вярталася зь Літвы ў Беларусь з двухтыднёвай дачкой, якая нарадзілася ў Вільні. Каб атрымаць для яе від на жыхарства ў Літве, давялося ехаць у Менск афармляць пашпарт.
Перад гэтым бацькі зьвярнуліся ў беларускае консульства, якое ў такіх выпадках выдае часовы дакумэнт — пасьведчаньне на вяртаньне. Аднак для беларускіх памежнікаў у пункце пропуску «Прывалка» гэтага пасьведчаньня было недастаткова, каб хутка прапусьціць у краіну сямʼю зь немаўлём.
Маці, Анастасію Шаткевіч, памежнікі выклікалі да начальніка зьмены. А дзіця засталося ў аўтамабілі разам з бацькам. Жанчыне прапанавалі запоўніць анкету для грамадзян Рэспублікі Беларусі, дэпартаваных з-за мяжы або тых, якія ўяжджаюць на падставе пасьведчаньня на вяртаньне.
Але значная частка пытаньняў анкеты тычылася раней асуджаных асобаў: дзе, калі і ў якіх умовах чалавек адбываў пакараньне і гэтак далей. Памежнік таксама задаваў маці дадатковыя пытаньні: сярод іншага, ці былі ёй прапановы супрацоўніцтва ад літоўскіх спэцслужбаў.
Уся працэдура цягнулася каля 40 хвілін. Прычым мужу, які чакаў разам з немаўлём, не патлумачылі, што адбываецца і дзе жонка. У гэты час дзіця прачнулася і пачало плакаць.
«Дык я затрыманая ці мая дачка?»
Анастасія Шаткевіч разам з мужам Віктарам Камягіным маюць часовы від на жыхарства ў Літве. Таму іхнае дзіця нарадзілася там. У беларускім консульстве ім патлумачылі, што трэба паехаць у Беларусь, каб атрымаць пашпарт, і выдалі для дзіцяці пасьведчаньне на вяртаньне. У літоўскіх памежнікаў ніякіх пытаньняў ня ўзьнікла. А вось беларускія прапанавалі запоўніць анкету.
«Сам начальнік зьмены ня ведаў, як запаўняць гэтую анкету, і пастаянна некаму тэлефанаваў. Сам казаў, што гэта лухта — ад імя двухтыднёвага дзіцяці запаўняць гэтыя дзіўныя дакумэнты. Але так трэба. Я пыталася, на якой падставе адбываецца працэдура. Ён сказаў, што гэта загад зьверху. А ў гэты час мой муж і сястра пыталіся ў памежнікаў, на якой падставе мяне павялі і што я там запаўняю. Ім адказалі, што „трэба запоўніць пісулькі“. І што гэта вуснае распараджэньне. Чыё — ніхто ня ведаў», — расказала Свабодзе Анастасія.
У анкеце было каля 30 пытаньняў, але амаль палова прызначана для затрыманых.
Якімі праваахоўнымі органамі вы затрыманыя? У якіх умовах вы ўтрымліваліся ў зьняволеньні?
«Якімі праваахоўнымі органамі вы затрыманыя? У якіх умовах вы ўтрымліваліся ў зьняволеньні?.. А я пыталася: „Дык я затрыманая ці мая дачка? Што адбываецца?“ Мне казалі: пішыце, што не прыцягваўся і так далей. Начальнік тут жа запаўняў яшчэ свае дакумэнты і пытаўся ў мяне, ці прапаноўвалі літоўскія спэцслужбы нейкія ўмовы супрацоўніцтва. І ці загадзя я ведала, што пашпарт трэба афармляць у Беларусі, і таму зьвярнулася ў консульства па пасьведчаньне на вяртаньне».
У гэтым пасьведчаньні беларускі консул пазначыў, што дакумэнт выдадзены на падставе нараджэньня ў Літве.
«Таму незразумела, адкуль такія дадатковыя пытаньні і чаму ў такой форме. І яшчэ табе ня кажуць, куды цябе вядуць, а сваякам — дзе ты і колькі гэта ўсё працягнецца. І чаму пры наяўнасьці бацькі дзіця не пакідаюць з маці? Крыўдна, што Беларусь так сустракае новых грамадзянаў. Гэтая працэдура павінна быць нармальнай, бо беларускі ўсё часьцей езьдзяць нараджаць у іншыя краіны. Я ня супраць запаўненьня анкеты, але яна павінна быць пісьменна складзеная. І, вядома, ветлівасьць і наладжваньне камунікацыі —гэтага ў нашых прадстаўнікоў няма».
Анастасія Шаткевіч лічыць, што працэдура на беларускай мяжы была абсалютна абсурднай і прыніжальнай.
Анастасія і Віктар
«Разьбярэмся, калі там былі парушаныя правы»
У памежным камітэце Рэспублікі Беларусь карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі, што такі выпадак меў месца.
«Грамадзяне абралі для перасячэньня мяжы „чырвоны калідор“, ім трэба было дэкляраваць багаж. Падчас памежнага кантролю высьветлілася, што іхнае дзіця нарадзілася ў Вільні і мела пасьведчаньне на вяртаньне. Гэта дакумэнт, які выдаецца грамадзянам Беларусі, калі ў іх няма дакумэнтаў, неабходных для перасячэньня мяжы. Насамрэч гэта даволі рэдкая сытуацыя, калі нованароджаны па такіх дакумэнтах перасякае дзяржаўную мяжу», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар Памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі.
Насамрэч гэта даволі рэдкая сытуацыя, калі нованароджаны па такіх дакумэнтах перасякае дзяржаўную мяжу
Паводле яго, памежны кантроль сям’і цягнуўся «некалькі хвілін», аўтамабіль быў аформлены за 6 хвілін.
«Але ў такіх выпадках памежнікі могуць задаваць розныя дадатковыя пытаньні. Апытаньне можа быць вусным, а ў некаторых выпадках і пісьмовым. Тут неабходна было ўдакладніць некаторыя нюансы, зьвязаныя з абставінамі атрыманьня такога дакумэнту на дзіця. Для гутаркі маці запрасілі ў кабінэт старэйшага зьмены памежных нарадаў, дзе і адбылася размова. А дзіця, якое спала, пакінулі ў машыне з бацькам і цёткай. У гэты час бацьку прапанавалі прайсьці астатнія віды кантролю для «чырвонага калідору».
Паводле Антона Бычкоўскага, што да парадку дзеяньняў службовых асобаў будзе праведзена дадатковая праверка.
«Разьбярэмся, калі там былі парушаныя правы ці дзейнічалі не зусім карэктна. Калі высьветліцца, што трэба карэктаваць ці ўдакладніць парадак дзеяньняў у такіх выпадках, то мы яго скарэктуем. Магчыма, тут ёсьць над чым працаваць дзеля ўдасканаленьня пропуску, калі ідзецца пра нованароджанага».
Калі высьветліцца, што трэба карэктаваць ці ўдакладніць парадак дзеяньняў у такіх выпадках, то мы яго скарэктуем
Чаму памежнік пытаўся ў маці немаўляці аб прапановах супрацоўніцтва ад літоўскіх спэцслужбаў? Антон Бычкоўскі адказаў, што ня можа даць справаздачу за кожнае пытаньне.
«Падчас гутаркі могуць узьнікнуць розныя сытуацыі, у сувязі зь якімі памежнік задае дапаможныя пытаньні».
Што да пытаньняў прапанаванай анкеты, то грамадзянін можа адказваць на іх «на сваё меркаваньне, маці магла паставіць прочырк».