Беларускія архівы пачалі пераводзіць у лічбу. На фінскі ўзор

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

У Беларусі пачалася кампанія пераводу ў электронны выгляд матэрыялаў дзяржаўных архіваў, паведаміла Вольга Бірукова, першая намесьніца дырэктара дэпартамэнту архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі Беларусі.

«Мы спазьніліся. Гэтую працу трэба было пачынаць яшчэ ўчора. Дакладнага тэрміну заканчэньня пераводу мы ня маем; чым хутчэй зробім, тым лепш», — сказала Бірукова.

Колькі гэта будзе каштаваць, таксама дакладна не падлічана. Вольга Бірукова сказала, што тыя дакумэнты, якія захоўваюцца цяпер у архівах у выглядзе папераў, ня будуць зьнішчаныя.

«Хоць такія прапановы і паступалі — маўляў, такім чынам можна было б вызваліць памяшканьні і перайсьці на сучасныя мэтады захаваньня дакумэнтаў. Але гэта для архівістаў непрымальна», — падкрэсьліла Вольга Бірукова.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі

Паводле Біруковай, архівісты Фінляндыі прапанавалі падзяліцца зь беларускімі калегамі досьведам такой рэарганізацыі архіўнай справы і запрасілі іх на сэмінар.

Цікавыя факты пра беларускія архівы:

  • У Беларусі захоўваюцца дакумэнты з ХIV стагодзьдзя.
  • У архівах знаходзіцца больш за 13 мільёнаў дакумэнтаў — гэта бяз кіна, — фота, — відэадакумэнтаў, якія лічацца асобна.
  • Калі ўсе архіўныя паліцы толькі Нацыянальнага архіву Беларусі выцягнуць у даўжыню, то іхная працягласьць складзе 38 кілямэтраў.
  • Працягласьць паліц стэлажоў, на якіх разьмешчаны ўсе архіўныя дакумэнты Беларусі, складае больш за 200 кілямэтраў. Гэта, напрыклад, адлегласьць ад Менску да Магілёва.
  • У Дзяржаўным архіўным музэі літаратуры і мастацтва знаходзіцца каля 150 тысяч адзінак. Тут захоўваюцца дакумэнты ад канца ХVІІІ стагодзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта тысячы замежнікаў штогод шукаюць беларускія карані? 7 фактаў пра гістарычны архіў