Робат зрабіў першыя 20 фотаздымкаў паверхні касьмічнага цела.
Японскі зонд «Хаябуса-2» высадзіў на 900-мэтровы астэроід Ругу трэці па ліку апарат — робат Mascot. За 20 хвілін робат пераадолеў адлегласьць 70 мэтраў і прызямліўся на паверхні касьмічнага цела, якое знаходзіцца на адлегласьці 300 мільёнаў кілямэтраў ад Зямлі.
Распрацаваны навукоўцамі з Францыі і Нямеччыны, гэты модуль мае кубічную форму з граньню 30 сантымэтраў і важыць каля 10 кіляграмаў. На ім усталяваная відэакамэра, мікраскоп для вывучэньня складу каменных парод, а таксама вымяральнікі тэмпэратуры і магнітнага поля. Ён будзе весьці збор дадзеных на працягу 16 гадзін — менавіта столькі дазволіць яму працаваць акумулятарная батарэя.
Апарат ужо зрабіў першыя 20 фотаздымкаў паверхні астэроіда і перадаў іх на борт японскага зонда. Адно з фотаў апублікаванае ў твітэры. Модуль паказаў, што вакол астэроіда дзейнічае адносна слабое поле сонечнага ветру. Пасьля завяршэньня бягучай задачы ў пункце высадкі апарат перамесьціцца ў іншае месцы на паверхні Ругу. Для гэтага ён зробіць скачкі з дапамогай паваротнага кранштэйна.
21 верасьня два модулі зрабілі першую ў гісторыі мяккую пасадку на астэроід, высадзіўшыся з міжплянэтнай станцыі «Хаябуса-2» і даслаўшы адтуль першыя фатаграфіі. Усім тром апаратам, уключаючы Mascot, трэба будзе даставіць сабраныя на Ругу ўзоры назад на Зямлю ў 2020 годзе. Яны змогуць узяць часьцінкі глебы пасьля таго, як мацярынскі зонд «Хаябуса-2» стрэліць у паверхню астэроіда разрыўным снарадам.
«Хаябуса-2» быў запушчаны 3 сьнежня 2014 году з касмадрому Танэгасіма. Яго шлях да мэты склаў больш за 3 мільярды кілямэтраў. У выніку гэтай унікальнай місіі навукоўцы спадзяюцца даведацца больш аб прыродзе астэроідаў і фармаваньні Сонечнай сыстэмы.