Больш за 400 тысяч даляраў можа каштаваць рамонт гаражу Гомельскага аблвыканкаму

Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, архіўнае фота

Гомельскі аблвыканкам плянуе адрамантаваць свой гараж на 35 аўтамабіляў. Пачатковы кошт тэндэру — больш за 400 тысяч даляраў, паведамляецца на афіцыйным сайце дзяржаўных тэндэраў.

Тэндэр на мадэрнізацыю даху і фасаду гаражу абвясьціла Гомельскае абласное ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва. Пачатковы кошт тэндэру — 894 821 беларускі рубель. Крыніца фінансаваньня — мясцовы бюджэт. Адрамантаваць гараж трэба да сакавіка 2019 году.

У Гомельскім абласным упраўленьні капітальнага будаўніцтва не пацьвердзілі і не зьняпраўдзілі, што гараж будзе адрамантаваны за пазначаную суму. «Цяпер акурат ідзе пасяджэньне камісіі ў гэтым пытаньні», — сказалі ва ўпраўленьні.

Ужо рамантавалі аблвыканкам за 465 тысяч даляраў

У 2017 годзе ўпраўленьне праводзіла тэндэр на выбар выканаўцы для мадэрнізацыі фасадаў і інжынэрных сыстэмаў адміністрацыйнага будынку аблвыканкаму. Стартавы кошт быў выстаўлены ў памеры 860 596,58 беларускага рубля (на той час 465 тысяч даляраў).

У 2015 годзе быў адрамантаваны ганак Гомельскага аблвыканкаму. Пачаткова рамонт ганку ацэньваўся ў мільён даляраў. За гэтыя грошы плянавалася «паменшыць стромасьць ганку шляхам уладкаваньня падпорных сьценак», пабудаваць сыстэму адводу дажджавой вады, зладзіць асьвятленьне ганку, сыстэму падагрэву. Таксама тут былі высечаныя «старыя» дрэвы і высаджаны новыя — зь «ляндшафтнай падсьветкай». У выніку за рамонт ганку аддалі 824 тысячы рублёў.