Вашынгтон не разглядае магчымасьці абмену ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова на арыштаваных і тых, хто адбывае пакараньне ў ЗША расейцаў. Пра гэта заявіла афіцыйная прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Ванэса Экер у інтэрвію «Настоящему времени».
«Калі такія перамовы і адбудуцца, то наша пазыцыя ясная, што мы не абменьваем злачынцаў на палітычных зьняволеных. Мы лічым, што Алег Сянцоў — палітычны зьняволены, не злачынец», — адзначыла Экер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква гатова абмяняць Алега Сянцова на зьняволеных у ЗША расейцаў?30 верасьня «Новая газэта», спасылаючыся на сваю крыніцу, паведаміла, што Масква гатовая абмяркоўваць умовы вяртаньня Сянцова ва Ўкраіну, але не з Кіевам, а з Вашынгтонам. У абмен на гэта ў Расею павінны вярнуцца асуджаныя ў ЗША Віктар Бут, Канстанцін Ярашэнка і арыштаваная Марыя Буціна. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў і прадстаўніца МЗС Марыя Захарава не змаглі пацьвердзіць або абвергнуць чуткі пра магчымы абмен Сянцова.
Сянцоў, які адбывае 20-гадовы турэмны тэрмін праз абвінавачаньне ў тэрарызьме ў Расеі, абвясьціў бестэрміновую галадоўку 14 траўня. Асноўнае ягонае патрабаваньне — вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў у Расеі. Сянцоў, паводле яго, мае намер «галадаць да сьмерці».
Маці Сянцова, якая зьвярнулася да расейскага прэзыдэнта з прашэньнем аб памілаваньні сына, у яе просьбе адмовілі. Сам Сянцоў ня стаў прасіць Пуціна аб памілаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія турэмнікі паказалі фота Сянцова. МЗС Украіны патрабуе допуску лекараў