Мясцовасьць Акармара ў Абхазіі пабудавалі ў 70-я гады, некалі ў ім жылі 5 тысяч чалавек. У пасёлку працавалі вугальныя шахты, былі шпіталь і школа. Зараз у Акармары жывуць 36 чалавек. Населены пункт выглядае напаўзакінутым: толькі на адным доме відавочна бачны новы дах, які паказвае, што тут пажывуць людзі.
Школу ў Акармары зачынілі ўжо ў 98-м, праз пяць гадоў пасьля таго, як гэтая тэрыторыя перастала быць падкантрольнай Грузіі. Недалёка ад шахты — зачыненыя назаўжды вароты пажарнай часткі. Па вуліцах таго, што раней было цэнтрам пасёлка, блукаюць каровы, куры і свіньні, быдла трымаюць тыя, хто да гэтага часу ня зьехаў. Гэта для жыхароў Акармары — спосаб хоць неяк пракарміцца.
Жыхар Акармары Рычард распавядае, што мясцовыя ўлады нікому з жыхароў не прапаноўвалі нікуды перасяліцца, напрыклад, у Сухумі. І з настальгіяй прыгадвае часы, калі ў Акармары разам жылі абхазы, грузіны і расейцы.
«Былі самыя лепшыя лекары, браты Мэндыяшвілі, Умар і Надар, яны тут працавалі. Гэта тое, што я ведаю, а акрамя іх былі яшчэ, — успамінае ён. — І нямала было! Сам пасёлак новы, не стары. Проста за 25 гадоў так усё разбурылася».
Падобным чынам выглядае і раённы цэнтар — горад Ткварчэлі, дзе таксама здабывалі вугаль. У 40-х гадах XX стагодзьдзя яго будавалі палонныя немцы: да грузіна-абхаскай вайны тут жылі 25 тысяч чалавек. Зараз засталося ў пяць разоў менш. У Ткварчэлі закінутыя многія дамы, заводы і нават вакзал: пасажырскія цягнікі сюды не ходзяць ужо 25 гадоў.
На аднаўленьне чыгункі Абхазія ў 2010 годзе ўзяла крэдыт — 2 млрд рублёў (прыкладна 70 мільёнаў даляраў) у Расеі. Але шляхі аднавілі толькі ад мяжы з Расеяй да Сухумі, — распавядае абхаскі палітоляг Інал Хашыг.
«Нейкую частку яны на гэтую дарогу патрацілі, адсоткаў 30. Але астатняе парасьцягвалі — кажа ён. — Гэта звычайны прадукт карупцыі. Асобныя расейскія чыноўнікі, якія свой інтарэс мелі, проста дамовіліся з нашымі чыноўнікамі».
Толькі за першыя сем гадоў, якія прайшлі пасьля таго, як Абхазія абвясьціла незалежнасьць, яе невялікаму насельніцтву ў 240 тысяч чалавек зь бюджэту Расеі ў выглядзе матэрыяльнай дапамогі было выдзелена амаль 37 млрд рублёў. Па сёньняшнім курсе гэта больш за 560 мільёнаў даляраў.
Але складаецца адчуваньне, што гэтыя грошы не даходзяць нават да сталіцы самаабвешчанай рэспублікі. У Сухумі закінуты прыкладна кожны чацьвёрты будынак. Пры гэтым і ў Сухумі, і ў іншых гарадах Абхазіі дамы часта выглядаюць так: на адным паверсе жывуць, другі — кінуты. Падчас і пасьля вайны з рэгіёну зьехала да 250 тысяч грузінаў. У руінах у Сухумі вось ужо 25 гадоў нават мясцовы парлямэнт: да гадавіны заканчэньня грузіна-абхаскай вайны яго завесілі сьвяточным банэрам.
Але гэта ня значыць, што ў пустых кватэрах у Абхазіі няма гаспадароў: іх займаюць тыя, хто застаўся. Кажуць, калі паставіць у кватэру свае дзьверы, на яе можна афармляць дакумэнты на ўласнасьць. Часта кватэры перапісваюць за хабар: гэтая схема незаконная, таму на камэру пра яе ніхто не расказвае. Пры гэтым этнічныя грузіны, якія зьехалі, не маглі і ня могуць прадаць свае старыя кватэры: у Абхазіі забаронены продаж нерухомасьці каму-небудзь з неабхаскім пашпартам.
«Пытаньне продажу нерухомасьці — досыць балючае. І ёсьць разуменьне, што калі зьняць гэтае табу, то тут на працягу кароткага часу будзе ўсё скуплена, — прагназуе Інал Хашыг. — Калі здымуць забарону продажу — хопіць нават таго, каб 1% расейцаў скарысталіся гэтым, і тады тут абхазы будуць адзін аднаго шукаць зь ліхтарамі».
Ад Акармары і Ткварчэлі да адміністрацыйнай мяжы паміж непрызнанай Абхазіяй і Грузіяй — некалькі дзясяткаў кілямэтраў, але камунікацыі паміж рэгіёнамі няма, і ад перамоваў з урадам Грузіі сэпаратысцкія абхаскія ўлады працягваюць адмаўляцца. А тым часам дамы, пасёлкі і цэлыя гарады ў Абхазіі працягваюць разбурацца.
***
Абхазія, сэпаратысцкі рэгіён Грузіі, абвясьціла незалежнасьць пасьля вайны ў 1993 годзе. Расея пасьлядоўна падтрымлівала сэпаратысцкія настроі ў Абхазіі, а ў 2008 годзе пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны прызнала яе незалежнасьць. Грузія лічыць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае РФ у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны, а сам факт прызнаньня незалежнасьці лічыць часткай анэксіі.
Па законе, прынятым у 2006 годзе, жыхары Абхазіі маюць права на падвойнае грамадзянства — абхаскае і расейскае. Да 2008 году грамадзянамі РФ зьяўляліся каля 90% жыхароў непрызнанай рэспублікі, дзе жывуць каля чвэрці мільёна чалавек. Расея даплачвае ім зь бюджэту, у прыватнасьці плаціць пэнсіі па расейскіх стандартах. Агульны абʼём дапамогі, якая ідзе з РФ у Абхазію, штогод ацэньваецца ў 300 мільёнаў даляраў.
Таксама з 2009 году ў абхаскай Гудауце дысьлякуецца 7-я абʼяднаная ваенная база расейскіх узброеных сілаў з колькасьцю кантынгенту да 4 000 чалавек, а ў апошнія некалькі гадоў паміж Расеяй і Абхазіяй дзейнічае пагадненьне аб абʼяднанай групоўкі войскаў, якое ўзмацніла вайсковую прысутнасьць РФ на тэрыторыі непрызнанай рэспублікі.