Аляксандар Лукашэнка даў загад цягам содняў скасаваць абмежаваньні на продаж алькаголю ў гандлёвых сетках у начны час з 23.00 да 07.00, у якасьці экспэрымэнту ўведзеныя з 1 кастрычніка ў Менску і месцамі на раённым узроўні, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на адміністрацыю прэзыдэнта.
«Прэзыдэнт, азнаёміўшыся з прадстаўленай яму інфармацыяй, прыняў рашэньне на працягу сутак скасаваць гэтыя непрадуманыя рашэньні», — заявілі ў адміністрацыі.
Рашэньне Лукашэнкі ў адміністрацыі патлумачылі тым, што «досьвед як Беларусі, пачынаючы з савецкіх часоў, так і замежных краін сьведчыць пра неэфэктыўнасьць і нават шкоднасьць забаронаў», а «непрадуманыя рашэньні» на практыцы замест чаканага станоўчага выніку прыводзяць да росту ценевага рынку і крымінальнай сфэры, у тым ліку павелічэньня прапановы кантрафактнай прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі і як абмяжоўвалі продаж алькаголю ў Беларусі і што з гэтага выйшла1 кастрычніка Менскі гарвыканкам прыняў рашэньне абмежаваць у начны час продаж продаж моцных алькагольных напояў, а таксама слабога алькаголю і піва з 23.00 да 7.00 (за выключэньнем кавярняў і рэстарацыяў пры рэалізацыі алькаголю на разьліў).
«Начны сухі закон» ужо ўводзілі ў Менску ў 2015 годзе: зь сярэдзіны чэрвеня да канца жніўня алькаголь тады прадавалі ў гандлёвых пунктах з 9.00 да 22.00. Тады пасьля нарады, на якой Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў урад за нерашучую абарону ўнутранага рынку алькаголю, абмежаваньні адмянілі.
Цяпер з ініцыятывай вярнуць забарону на продаж алькаголю ў начны час выступалі Міністэрства аховы здароўя і МУС Беларусі.
Што яшчэ адмяняў Лукашэнка?
У 2004 годзе Аляксандар Лукашэнка адмяніў норму правілаў дарожнага руху аб неабходнасьці перамяшчэньня транспартных сродкаў у сьветлы час сутак з уключанымі фарамі.