1 кастрычніка ў менскай культурнай прасторы ОК-16 адбылася падкаст-вечарынка ад Зьмітра Бартосіка, майстра непрыдуманых сюжэтаў і трыюмфатара літаратурных прэміяў. Ён прэзэнтаваў сваю новую кнігу «Клініка кітайскага дантыста» (чытайце PDF-вэрсію), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».
На імпрэзу прыйшлі літаратары Ўладзімер Арлоў, Сяргей Ваганаў, Славамір Адамовіч, мастак Генадзь Мацур, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, палітолягі Андрэй Фёдараў і Валер Карбалевіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, краязнаўца Антон Астаповіч і яшчэ некалькі дзясяткаў прыхільнікаў таленту барда, літаратара і радыёжурналіста.
Зьміцер прызнаўся, што сам ня ведае, што такое падкаст-вечарынка. А адзін вядомы тэатральны крытык акрэсьліў гэты жанр як «драматычна-музычны монаспэктакль».
«Я спрабую абудзіць цікавасьць да слуханьня радыё, бо друкаваны тэкст не перадае аўтарскай інтанацыі, а яна вельмі важная», — прызнаецца Зьміцер Бартосік.
Зьміцер Бартосік узгадвае, як у дзяцінстве дарослыя выправоджвалі яго з-за стала, дзе яны вялі свае дарослыя размовы. Пра палітыку, пра літаратуру.
«Мяне выправоджваў бацька з кухні, калі ўключаў свой стары прыёмнік ВЭФ, каб слухаць Радыё Свабода. Два гэтыя забароненыя плады, дарослыя размовы на кухні і галасы Даўлатава, Някрасава і Вайновіча на Свабодзе... І аднойчы на мяжы стагодзьдзяў са мной здарылася шчасьце — самому загаварыць з таго старога прыёмніка, які мне было забаронена слухаць».
«У 1999 годзе я прыдумаў рубрыку „Забыты адрас“ — блукаў па краіне ў пошуках сьлядоў беларускіх культурных герояў пазамінулага і мінулага стагодзьдзяў...», — расказаў Зьміцер Бартосік.
Ён узгадвае 1930-я гады. Пачынае з выкананьня рамансу Аляксандра Вярцінскага. Распавядае пра даваенны Дом творчасьці пісьменьнікаў «Падблонь», што ў Пухавіцкім раёне, які памяталі толькі дзеці рэпрэсаваных у 1937-м пісьменьнікаў — браты Гаральд і Артур Вольскія (сыны Віталя Вольскага). Гаральд Вольскі ўзгадвае арышт Кузьмы Чорнага. Артур Вольскі — Эдзі Агняцьвет, Алеся Дудара, Цішкі Гартнага, Андрэя Александровіча.
Зьміцер Бартосік здабыў у архівах унікальныя фатаздымкі — маладога Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага, Алеся Дудара, Петруся Броўкі, Валянціна Тараса, а таксама пісьменьніцкага пасьведчаньня Віталя Вольскага 1936 году.
Сярод іншага, гучаць галасы вядомых беларусаў, якія засталіся на старых магнітафонных стужках: Валянціна Тараса, Рыгора Барадуліна, Міхася Герчыка, Генадзя Бураўкіна. Ва ўспамінах — шмат баек, жартачак, анэкдотаў пра вядомых пісьменьнікаў: Петруся Броўку, Івана Шамякіна, Андрэя Макаёнка, Ігара Шклярэўскага.
На вечарыне гучала шмат музыкі ў выкананьні самога Зьмітра Бартосіка, а таксама гiтарыста з Масквы Аляксея Сiдарава.
А ў канцы Зьміцер Бартосік прачытаў некалькі сваіх новых тэкстаў, якія яшчэ не ўвайшлі ў ягоныя кнігі. Там было гэтулькі гумару, што заля заходзілася ад сьмеху.
Замовіць кнігу «Клініка кітайскага дантыста» можна ТУТ.