Затрыманых 30 верасьня блогера Пятрухіна і пабітага актывіста Астапука вызвалілі, суд перанесены на 4 кастрычніка.
У Ленінскім раённым судзе Берасьця перанесьлі разгляд справаў Сяргея Пятрухіна і Канстанціна Астапука, затрыманых падчас акцыі супраць акумулятарнага заводу 30 верасьня.
Склалі пратаколы
Сяргей Пятрухін расказаў Свабодзе, што за ўчарашнія падзеі на яго і Канстанціна Астапука склалі пратаколы за правядзеньне несанкцыянаванай масавай акцыі. Пятрухін зьвязвае затрыманьне з тым, што ў часе акцыі на цэнтральнай плошчы на ім і на Астапуку былі майкі з заклікамі супраць акумулятарнага заводу.
Суды над Пятрухіным і Астапуком перанесеныя на 4 кастрычніка, 10:30 і 11:30.
Пабілі і адвезьлі ў шпіталь
30 верасьня пасьля затрыманьня Пятрухіна стала вядома, што ў Ленінскі РАУС Берасьця даставілі яшчэ аднаго удзельніка акцыі — Канстанціна Астапука.
Астапук распавёў Свабодзе, што яму стала кепска, бо супрацоўнік АМАП ударыў яго ў бок. У РАУС яму выклікалі «хуткую», пасьля аказаньня мэдычнай дапамогі ў шпіталі яго вярнулі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Канстанцін расказаў, што ў ізалятар да яго прыходзілі сьледчыя, якія прызначылі судова-мэдычную экспэртызу па факце зьбіцьця.
Канстанцін Астапук не палітычны актывіст, ён выйшаў на плошчу на знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, які ў будучыні можа нанесьці шкоду здароўю берасьцейцаў.
Правялі «прафіляктычную гутарку»
Як кажа Канстанцін Астапук, пасьля затрыманьня зь ім праводзіў «прафіляктычную гутарку» ў пастарунку намесьнік начальніка Ленінскага РАУС Берасьця Мікалай Самасюк, які раіў «ня зьвязвацца» з блогерам Сяргеем Пятрухіным.
«Сказаў мне, што Пятрухін вучыўся ў Вільні падрыўной дзейнасьці. Раіў, каб не глядзеў на Пятрухіна. Сказаў, што калі я не перастану на плошчу хадзіць, то пайду ў турму. Я упершыню сутыкнуўся з Самасюком і быў у шоку, што ён такое казаў,» — апавёў Канстанцін Астапук.
Блогер Сяргей Пятрухін быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП 30 верасьня ў часе акцыі пратэсту супраць акумулятарнага заводу на цэнтральнай плошчы Берасьця. Прычынай затрыманьня міліцыянт назваў арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.
Акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу праходзяць у Берасьці ад пачатку году штонядзелі. Людзі выходзяць на плошчу «карміць галубоў», не выкрыкваюць лёзунгаў, не трымаюць транспарантаў.
Блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава неаднаразова адміністрацыйна затрымлівалі, яны адбывалі арышты.
На блогера Сяргея Пятрухіна заведзеная крымінальная справа за абразу міліцыянта ў ягонай трансьляцыі.