Швэдзкі суд 1 кастрычніка прысудзіў да двух гадоў турмы абвінавачанага ў згвалтаваньні фатографа Жана-Клёда Арно — мужа Катарыны Фростенсан са Швэдзкай акадэміі.
Арно апынуўся ў цэнтры скандалу, які прывёў да адмены у 2018 годзе Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
Яго прызналі вінаватым у сэксуальным гвалце, які адбыўся ў ноч на 6 кастрычніка 2011 году. Ахвяры, імя якой не раскрываецца, Арно выплаціць кампэнсацыю прыблізна 13 тысяч даляраў.
72-гадовы Арно называе вылучаныя супраць яго абвінавачаньні «паляваньнем на ведзьмаў» і абяцае абскардзіць прысуд.
У лістападзе 2017 году 18 жанчын абвінавацілі яго ў сэксуальных дамаганьнях. Яны сьцьвярджалі, што ён схіляў іх да сэксу, выкарыстоўваючы службовае становішча.
Арно сумесна са сваёй жонкай валодаў культурным цэнтрам «Форум», які атрымліваў фінансавую падтрымку ад Швэдзкай акадэміі. З гэтай прычыны яго жонка была абвінавачаная ў карупцыі за тое, што не паведаміла чальцам акадэміі пра канфлікт інтарэсаў пры разьмеркаваньні субсыдый. Пры гэтым яе западозрылі ва «ўцечках» інфармацыі аб Нобэлеўскай прэміі.
Нобэлеўская прэмія па літаратуры ў гэтым годзе не прысуджаецца.