Былога дырэктара турэмнай фабрыкі з Івацэвічаў за хабар пасадзілі на 9 гадоў

Будынак суду Івацэвіцкага раёну

Суд Івацэвіцкага раёну 1 кастрычніка агучыў прысуд былому дырэктару прадпрыемства «Папраўчая калёнія № 5» за атрыманьне хабару.

Экс-начальніку турэмнай фабрыкі, якая займаецца вытворчасьцю мэблі, прысудзілі пазбаўленьне волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на 9 гадоў.

Яго таксама пазбавілі званьня палкоўніка, права займаць адказныя пасады тэрмінам на 5 гадоў, і прызначылі канфіскацыю маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-дырэктара прадпрыемства пры калёніі ў Івацэвічах будуць судзіць за хабар у 200 тысяч эўра

Суд выявіў, што абвінавачаны «ў пэрыяд з 17 сакавіка 2009 году да 4 сакавіка 2013 году атрымаў ад прадстаўніка францускай кампаніі ў якасьці хабару 207 365 эўра за вырашэньне пытаньняў аб магчымасьці заключэньня кантрактаў на пастаўкі мэблі».

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фабрыка знаходзіцца ў мужчынскай калёніі строгага рэжыму ў Івацэвічах. Прадпрыемства створана ў 1986 годзе з мэтай прыцягненьня асуджаных да працы і вытворчасьці прадукцыі, зьяўляецца вытворчай адзінкай Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заробак зэка — ад 10 тысяч. Не хапае нават на цыгарэты