1 кастрычніка ў Менскім раённым судзе пачаўся працэс у справе Паўла Сукавенкі і Артура Вірбала. Абодвух абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай і бязьдзеяньні ўлады. Да сярэдзіны кастрычніка 2017 году Сукавенка і Вірбал кіравалі ротай, у якой служыў Аляксандар Коржыч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайсковы чыноўнік, тэхноляг, падсудны». Што стала з былымі афіцэрамі часткі Коржыча
Абодвух абвінавачаных затрымалі пасьля сьмерці іх падначаленага Коржыча, труп якога знойдзены на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах 3 кастрычніка 2017 году. Перш і Вірбал, і Сукавенка былі абвінавачанымі ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча, аднак у красавіку 2018 году стала вядома, што іхная справа вылучаная ў асобнае вядзеньне.
Павел Сукавенка да затрыманьня супрацоўнікамі КДБ выконваў абавязкі камандзіра роты, на пасаду ён быў прызначаны вясной 2017 году.
У канцы жніўня Сукавенку дапытвалі на працэсе Коржыча (у якасьці сьведкі), там ён заявіў, што ня быў гатовы выконваць абавязкі камандзіра.
Артур Вірбал таксама быў дапытаны на працэсе Коржыча як сьведка, ён адмаўляе ўсякую датычнасьць да сьмерці былога падначаленага.
За злачынствы, у якіх абвінавачваюць Сукавенку і Вірбала, Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня волі. У якасьці пацярпелых у справе прызналі абвінавачаных на працэсе Коржыча сяржантаў Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.