На 9-ы дзень па Анатолю Капскім БАТЭ забіў «містычны» гол менскаму «Дынама»

Ілюстрацыйнае фота. БАТЭ, 2017 год.

Перамогай гаспадароў зь лікам 2:1 завяршыўся ў Барысаве цэнтральны матч 23-га тура футбольнага чэмпіянату краіны паміж БАТЭ і менскім «Дынама».

Перад пачаткам матчу ўдзельнікі і гледачы ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць старшыні праўленьня футбольнага клюбу БАТЭ Анатоля Капскага, які памёр 22 верасьня на 53-м годзе жыцьця.

У перапынку паміж таймамі на стадыёне прагучала песьня Amigo («Сябар»), якую Капскаму даслаў з Канады яго таварыш дзяцінства.

Пасьля сыходу Капскага фанаты БАТЭ прапанавалі на 53-й хвіліне кожнага матчу ўшаноўваць яго памяць воплескамі.

На 53-й хвіліне сёньняшняга матчу заўзятары ўшанавалі памяць Капскага воплескамі і разгарнулі велізарны яго партрэт.

Менавіта ў гэты момант паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун далёкім ударам адправіў мяч у вароты супернікаў і зраўнаў лік. Да таго БАТЭ прайграваў 0:1. Тэлевізійныя камэнтатары загаварылі пра містыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Клюб БАТЭ разьмясьціў у інтэрнэце відэаролік памяці Анатоля Капскага

У выніку перамогі БАТЭ адарваўся ад найбліжэйшых да яго каманд на 12 ачкоў