Пад Менскам міліцыя «з аўтаматамі» разагнала вечарыну Legalize Belarus

Ілюстрацыйнае фота. Пікет за легалізацыю марыхуаны ў Менску, 2 красавіка

Каля а 3:00 30 верасьня супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўсіх удзельнікаў PLUR-вечарыны ў гадавіну руху Legalize Belarus, паведаміў Свабодзе Пятро Маркелаў.

Кампанія Legalize Belarus зьяўляецца часткай руху «Дзея» і выступае дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў. Сёлета сайты Legalize Belarus неаднаразова блякаваліся.

PLUR-прынцыпы - частка культуры рэйв-вечарынаў, якія ўвасабляюць у сябе:

  • Peace — пазьбяганьне нэгатыўных эмоцыяў і канфліктаў;
  • Love — выказваньне добрых намераў і любві (абдымкі, усьмешкі);
  • Unity — прыняцьце ў супольнасьць розных, незалежна ад ідэнтычнасьці;
  • Respect — адчувальнасьць да пачуцьцяў, павага асабістай прасторы і свабоды іншых.

Вечарына праходзіла ў «закрытым бункеры пад Менскам», які знайшлі і прыбралі ўдзельнікі кампаніі.

«Уламіліся а 3-й ночы, усіх тварам у падлогу, абшуквалі з сабакамі, пэўна рэчывы шукалі», — распавёў Свабодзе Маркелаў.

Бункер, дзе праходзіла вечарына

Колькі і каго было?

  • 27 удзельнікаў вечарыны;
  • 25 супрацоўнікаў міліцыі і спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня МУС (СОБР).

Паводле словаў Маркелава, падчас затрыманьня міліцыянты:

  • білі некаторых удзельнікаў вечарыны;
  • вялі апэратыўныя здымкі.

Затрыманых адвезьлі ў апорны пункт Бараўлянскага РАУС. На 5 чалавек выпісалі пратаколы і штрафы за знаходжаньне ў стане алькагольнага ап’яненьня ў грамадзкім месцы. А 7:30 затрыманых адпусьцілі, сказаў Маркелаў.

Дзяжурны аддзяленьня бараўлянскай міліцыі адмовіўся патлумачыць прычыны і колькасьць затрыманых, сказаў толькі «што некалькі чалавек». Дадаў, што цяпер іх няма ў аддзяленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіст правёў 74 гадзіны ў ізалятары за «фаташоп»

Пэтыцыя за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў на партале petitions.byсабрала больш за 1400 подпісаў. Паводле Пятра Маркелава, на папяровых носьбітах сабралі больш за 600 подпісаў. У пэтыцыі прапануецца ўвесьці азначэньне малой колькасьці для кожнага зь лёгкіх наркотыкаў і адмяніць крымінальную адказнасьць за абарачэньне «кантраляваных рэчываў» у малой колькасьці.

У шэрагу краінаў сьвету, у тым ліку суседняй Польшчы, дазволена мэдычнае ўжываньне марыхуаны (яна можа дапамагаць пры пэўных хваробах, выпісваецца лекарамі), а ў некаторых краінах дазволена і «рэкрэацыйнае» ўжываньне — для адпачынку. Дзе-нідзе, як то ў Грузіі, дазволена ўжываць і захоўваць малыя дозы марыхуаны.

Паводле некаторых дасьледаваньняў (напрыклад, гэтага або гэтага), марыхуана нібыта менш шкодная за алькаголь ці тытунь, але яе ўжываньне мяняе паводзіны людзей. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што з марыхуаны людзі пераходзяць і на цяжэйшыя наркотыкі.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.