Магілёў апярэдзіць усю Беларусь у размаху сьвяткаваньня юбілею ВЛКСМ

Ілюстрацыйнае фота

У Магілёве з размахам адзначаць стогадовы юбілей камсамолу. Гадавіну мясцовыя ўлады ўзяліся адзначаць цягам году.

Аргкамітэт узначаліў старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў. Сваю чыноўніцкую кар’еру ён пачаў з пасадаў у абласных і гарадзкіх структурах гэтай савецкай моладзевай арганізацыі. Задзейнічаная ў арганізацыі сьвяткаваньня і ягоная намесьніца Ала Галушка, якая ў гарвыканкаме апякуецца ідэалёгіяй.

Як вынікае з «пляну мерапрыемстваў, прысьвечаных 100-годзьдзю Ўсесаюзнага ленінскага камуністычнага саюзу моладзі», актыўна пачалі адзначаць гадавіну камсамолу ў траўні. Тады абвясьцілі конкурс «Працоўны сэмэстар −2018» ды правялі спартова-патрыятычную гульню «Зарніца». Асобныя імпрэзы, як пазначана ў пляне, будуць ажыцьцяўляць на працягу году.

Найбольш актыўная фаза сьвяткаваньня прыпадае на кастрычнік. Акурат на яго пачатку, 10-12 чысла, пачнецца Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. На ім чакаюцца Лукашэнка і Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы — гэта нацыя без агульнага мінулага

Галоўнай імпрэзай кастрычніцкага сьвяткаваньня, як высьветліў магілёўскі сайт пра правы чалавека, стане канцэрт «Это наша с тобой биография». Паводле журналістаў гэтага парталу, кіраўніцтва гораду разам з былымі камсамольцамі высадзіць да юбілею алею.

Пра камсамол будуць гаварыць на адзіным дні інфармаваньня ў дзяржаўных установах, а ў школах і бібліятэках правядуць адмысловых выставы. Вэтэраны камсамолу будуць сустракацца з актывам БРСМ. 29 кастрычніка, у дзень утварэньня Расейскага камуністычнага саюзу моладзі, у гарадзкім транспарце пра яго пасажырам нагадаюць гукавымі ролікамі.

Адзначаць юбілей камсамолу ў Беларусі вырашылі сёлета ў лютым. Тагачасны прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў падпісаў распараджэньне па падрыхтоўцы і правядзеньні мерапрыемстваў, прысьвечаных гадавіне. Аргкамітэт узначаліў камуніст Ігар Карпенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 год ВЛКСМ як уладная альтэрнатыва 100-годзьдзю БНР

У апытаньні, якое Свабода правяла з нагоды стварэньня Рэспубліканскага аргкамітэту па сьвяткаваньні камсамолу, экспэрты выказалі меркаваньне, што гэты юбілей выкарыстоўваецца як уладная альтэрнатыва 100-годзьдзю БНР.

«Фальшывае абсалютна будзе гэтае сьвята, — сказаў паэт Уладзімер Някляеў, — У тым аргкамітэце няма ніводнага, хто б з былым запалам засьпяваў нейкую камсамольскую песьню. Усе людзі прымусова прызначаныя, і так яны прымусова зьляпаюць нікому не патрэбнае сьвята».

Між тым ВЛКСМ да Беларусі дачыненьня ня мае. 29 кастрычніка 1918 году быў створаны Расейскі камуністычны саюз моладзі (РКСМ). На І зьезд РКСМ у Маскву ў 1918 прыехалі толькі тры прадстаўнікі моладзі Віцебску. У сакавіку 1926, у сувязі са стварэньнем у 1922 годзе СССР, расейскі камсамол быў перайменаваны ва Ўсесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі.