Дасьледаваньне міжнароднай групы навукоўцаў паказала, што навучаньне падману можа палепшыць разьвіцьцё спазнавальных працэсаў чалавечай псыхікі. Дзеці, якія навучаюцца хлусіць раней, высьветлілі навукоўцы, маюць значна лепшыя кагнітыўныя здольнасьці, чым іх «праўдзівыя» аднагодкі.
Прафэсар Інстытуту дасьледаваньня дзяцей ім. Джэкмана з Канады (OISE) Доктар Кан Лі і яго суаўтары з Кітаю, Сынгапуру і ЗША правялі экспэрымэнт. Яны пратэставалі 42 дзяцей дашкольнага ўзросту (3-4 гады). Ніводзін з гэтых малых, запэўніваюць навукоўцы, ня ўмеў падманваць. Яны падзялілі дзяцей на дзьве групы з роўнай колькасьцю хлопчыкаў і дзяўчынак: экспэрымэнтальную і кантрольную групы.
У экспэрымэнтальнай групе дзяцей вучылі, як можна з дапамогай падману выйграць гульню, у кантрольнай групе — не рабілі нічога.
Чатыры дні дзеці гулялі ў гульню, у якой яны хавалі ласунак ад дарослага ў руцэ. Дарослы павінен быў выбраць руку, на якую паказвае дзіця. Калі дзіцяці ўдавалася падмануць дарослага, ён пакідаў гэты ласунак сабе і гульня працягвалася. Пасьля заканчэньня гульні ў кожнага дзіцяці замяралі выканаўчую функцыю мозгу, вызначалі ўзровень самакантролю, здольнасьць прагназаваць паводзіны іншага чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожны трэці першакурсьнік мае сымптом псыхічнага разладу, — дасьледаваньнеУ выніку выявілі, што дзеці, якіх вучылі падманваць, апынуліся па ўсіх гэтых пунктах больш здольнымі за дзяцей з групы, дзе не вучылі падманваць.
«Мы заўсёды турбуемся аб тым, што калі дзіця хлусіць, будуць жудасныя наступствы, — кажа доктар Лі, — але, аказваецца, ёсьць вялікая розьніца паміж дзецьмі, якія хлусяць раней, і тымі, хто хлусяць пазьней. Дзеці, якія навучыліся выдумляць раней, як правіла, маюць значна лепшыя кагнітыўныя здольнасьці».
«Хлусьня — гэта нармальная частка сталеньня; чым раней чалавек вучыцца падманваць, тым лепш, — сьцьвярджае ў сваім артыкуле прафэсар Лі. — Самакантроль і „тэорыя розуму“ зьяўляюцца фундамэнтальнымі кагнітыўнымі навыкамі, якія людзі павінны мець, каб выжыць».