Упраўленьне фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расеі па Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе апублікавала фота асуджанага ў Расеі ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які сто трыццаць дзявяты дзень галадае ў расейскай калёніі.
Як вынікае з паведамленьня турэмнай службы, фота зробленае падчас «плянавага абсьледаваньня», на якое Сянцова вывозілі з калёніі ў гарадзкі шпіталь Лабытнангі 28 верасьня.
Паводле дадзеных расейскай службы выкананьня пакараньняў, улічваючы вынікі праведзенага абсьледаваньня, Сянцову «правялі карэкцыю лекаваньня». Што гэта значыць, не ўдакладняецца.
У Міністэрстве замежных справаў Украіны заклікалі Расею дапусьціць украінскага консула і лекараў да Сянцова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскага рэжысэра Алега Сянцова з калёніі перавезьлі ў бальніцуАлег Сянцоў засуджаны ў Расеі на 20 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме. Рэжысэр абвяргае абвінавачваньні. Ад 14 траўня ён галадае ў расейскай калёніі з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алег Сянцоў афіцыйна намінаваны на прэмію СахараваЗ патрабаваньнем неадкладна вызваліць Сянцова да Расеі неаднаразова зьвярталіся міжнародныя арганізацыі, заходнія ўрады, мастакі і актывісты ва ўсім сьвеце.
Алега Сянцова вылучылі на прэмію імя Сахарава «За свабоду думкі». Акрамя таго, ёсьць ініцыятывы па вылучэньні яго кандыдатуры на Нобэлеўскую прэмію міру.