Facebook паведаміў пра сваю ўразьлівасьць. Пад пагрозай апынуліся 50 млн акаўнтаў

Зламысьнікі маглі выкрасьці інфармацыю ўладальнікаў профіляў пры дапамозе функцыі «Паглядзець як». Яна дазваляе паглядзець на старонку так, як яе бачаць іншыя карыстальнікі.

У кіраўніцтве сацыяльнай сеткі запэўнілі, што праблема з бясьпекай ужо ліквідаваная. Facebook праінфармаваў праваахоўныя органы аб узломе. Расьсьледаваньне інцыдэнту знаходзіцца на раньняй стадыі, заявілі ў кампаніі.

Хакеры скралі так званыя «маркеры доступу» — гэта лічбавыя ключы, якія дазваляюць карыстальнікам ня ўводзіць зноў пароль кожны раз, калі яны заходзяць у сацыяльную сетку.

Карпарацыя сьцьвярджае, што скінула ня толькі 50 мільёнаў «маркераў доступу», якія апынуліся пад пагрозай, але і ключы 40 мільёнаў іншых уладальнікаў акаўнтаў.