У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца і перакладчыца Марыя Мартысевіч.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
Каб ня дзеля працы і не малому перад сном, а вось так сесьці, як людзі садзяцца, і нешта пачытаць, то ніякіх.
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
Адразу скажу, што «апошнім часам» для мяне — гэта апошнія тры гады, з сярэдзіны 2015-га, акурат тады мой графік і прынцыпы чытаньня істотна перамяніліся. Так што найвыдатнейшая кніга за «апошні час» — гэта «Зэльманцы» Майсея Кульбака ў перакладзе Віталя Вольскага. Вялікая падзяка выдавецтву «Папуры», якое перавыдала гэтую кнігу, бо раней я не прачытала яе толькі таму, што трэба было прыкласьці пэўныя намаганьні, каб адшукаць асобнік. «Зэльманцы» перакулілі маё ўяўленьне пра літаратуру Беларусі. Цяпер вельмі хачу «ўсё гэтага аўтара» і чакаю іншую прозу Кульбака ў перакладзе Сяргея Шупы.
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
Так, усё гэта ўплывае, але акурат у апошнія тры гады хутчэй на рашэньне не чытаць той ці іншай кнігі. Да 2015 года я лічыла за свой абавязак чытаць усе асноўныя кнігі прозы, якія выходзілі ў Беларусі. Але ў сярэдзіне 2015-га прынцыпова адмовілася ад чытаньня сучаснай беларускай прозы амаль цалкам. Гэтага «цэлібату» я трымаюся да сёньня, па сваёй волі зрабіла выключэньне толькі для некалькіх кніг. І менавіта водгукі ў фэйсбуку і рэцэнзіі крытыкаў дапамагалі адважыцца на чытаньне. Гэта кнігі: «Таўсьціла і лешч» Андрэя Адамовіча (спадабалася), «Planktonus Vulgaris» Кірыла Дубоўскага (хутчэй спадабалася), «На засьнежаны востраў» Анкі Ўпалы (рэзка не спадалабася), «Радзіва Прудок» Андруся Горвата (а куды было дзявацца). Асобна стаіць «Дзень сьвятога Патрыка» Ганны Севярынец (тут усё складана).
Цяпер я разумею, што падсьвядома выбірала кнігі па адным і тым жа прынцыпе: каб, крый Божа, аўтары не спрабавалі намацаць нашую нацыянальную ідэю, шукаць вінаватых ды вырашаць, што рабіць. Бо 95% нашых найноўшых кніг — добрых і кепскіх, «левых» і «правых», масавых і элітарных — выключна пра гэта. Адамовіч, Упала і Дубоўскі, пры ўсёй адрознасьці творчага мэтаду, імкнуліся пісаць і гаварыць толькі за сябе (ці за свайго лірычнага героя). У выніку — парадаксальна — атрымаліся вельмі беларускія гісторыі. Яны апісваюць досьвед трыццацігадовых тут і цяпер, і такім чынам цалкам адпавядаюць майму ўяўленьню пра тое, што такое «сучасная проза». І разам з тым іх будзе цікава пачытаць ня толькі беларусам. У Горвата ў гэтым пляне быццам бы і ўсё тое самае, але вакол яго літаратурна-мэдыйнага праекту ўзьняўся сур’ёзны і, магчыма, крыху шкодны для кнігі шум, зь якога мы акурат і дазналіся (у тым ліку ад самога аўтара) — і хто вінаваты, і што рабіць, і якая павінна быць нашая нацыянальная ідэя. Успрымаць тэкст асобна ад гэткага кантэксту неяк не ўдаецца.
Адмова ад чытаньня сучаснай беларускай прозы мела ў маім выпадку пазытыўную дынаміку — у мяне палепшыўся псыхаэмацыйны стан, паднялася самаацэнка, зьявілася больш «апэрацыйнай памяці» для іншых кніг. Напрыклад, для выдатнай перакладной літаратуры, зь якой нам у апошнія гады вельмі шанцуе. Таксама я стараюся не прапускаць новыя кнігі паэзіі. Вершы — спэцыфічная матэрыя, сапраўдны паэт заўсёды ўсё прапускае празь сябе і ведаць ня ведае, хто вінаваты. Пры кожнай магчымасьці чытаю ўкраінскую і расейскую паэзію, але такіх магчымасьцяў «апошнім часам» зусім няшмат.
І яшчэ я прачытваю ўсе водгукі і рэцэнзіі пра самыя розныя кнігі, перапытваю тых, хто чытаў, каб паводле сюжэту ў кнізе не паміралі дзеці або яны не заставаліся сіротамі. Па гэтай прычыне, дарэчы, зь сьпісу чытаньня пакуль выпала даволі ўнушальная колькасьць цікавых твораў, магчыма, таму што сапраўдная літаратура проста абавязаная працаваць з болем. Напрыклад, я ня хутка прачытаю раман «Зухра открывает глаза» Гузелі Яхінай або «Каменны патоп» Франца Холера ў перакладзе Ірыны Герасімовіч. Было адно выключэньне — «Сонька» Ігната Карповіча, бо я мусіла яе перакласьці.
Вялікі дзякуй Паўлу Севярынцу за тое, што ён разьмясьціў у інтэрнэце ўрыўкі з свайго найноўшага бэстсэлеру. І няхай Павал назаўсёды застанецца маім улюбёным айчынным пісьменьнікам, на «Беларусаліме» для мяне пастаўлены тлусты чорны крыж. Можна нават сказаць, шасьціканцовы.
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…
З мэмуараў Мэндэле Мойхем-Сфорыма даведалася, што калі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя хасыды спрабавалі арганізаваць у Капылі малельны дом, артадоксы зьбіраліся ўсім кагалам, прыносілі пад вокны барабаны і барабанілі, пакуль хасыды не разьбягаліся, заткнуўшы вушы. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра габрэйскую культуру ў Беларусі. І ўвогуле пра культуру ў Беларусі. І ўвогуле пра Беларусь.
Якія клясычныя раманы вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
«Каханьне падчас халеры» Габрыэля Гарсіі Маркеса ў перакладзе Карласа Шэрмана і «Quo vadis» Генрыка Сянкевіча. Апошні, магчыма, запозна, што не дазволіла без іроніі ўспрымаць рамантычнае каханьне галоўных герояў, якія, відаць, служылі ўвасабленьнем раньняга хрысьціянства — затое ў арыгінале.
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Я всіх люблю і всіх памя’таю (с.).
«Я лічу, што ва ўсім сьвеце знойдуцца 500 чалавек, якія чытаюць літаратуру па-беларуску»
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Шчыра рагатала зь першай да апошняй старонкі ад дзьвюх: «Эла і сябры» Цімы Парвэлы ў перакладзе Алены Казловай, проста неверагодная дзіцячая кніга, і «Дзень сьвятога Патрыка» Ганны Севярынец — але ад гэтай другой зусім па іншай прычыне, чым ад першай.
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Апісаныя вышэй захады прафіляктыкі амаль выключылі такую магчымасьць. Але я расплакалася, калі ў Горвата ў «Прудку» загінуў ягоны кот Ромка. І яшчэ няслаба прасьлязілася, калі герой той жа кнігі, засяліўшыся ў дзедаву хату, згроб далонямі матылькоў і аднёс іх на гарышча. Але, найхутчэй, у апошнім выпадку рыдала ня я, а матылькі ў маім жываце.
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
«На засьнежаны востраў» Анкі Ўпалы.
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Зь дзяцінства — навуковую фантастыку і фэнтэзі. Да трылераў і хорару таксама насьцярожана стаўлюся. Але раблю выключэньне для твораў, літаратурная вартасьць якіх дазваляе заплюшчыць вочы на ўмоўнасьці жанру.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
Электронная кніга — вялікае вынаходніцтва цывілізацыі. Дазваляе
ашчадзіць шмат паперы, бо зь яе зручна чытаць рукапісы, напрыклад. Таксама не стамляюся бласлаўляць людзей, якія лічбуюць слоўнікі, даведнікі і зьмяшчаюць усё гэта ў інтэрнэце — цяпер да папяровых можна зьвяртацца толькі ў асаблівых выпадках. Помню, у 2006–2008 гадах, пакуль перакладала кнігу, я накачвала біцэпсы, падымаючы фаліянты. Але што да будучыні электроннай кнігі як да замены папяровай, то тут пакуль трэба працаваць і працаваць. Скажам, кнігу Ганны Севярынец «Дзень сьвятога Патрыка» я купіла, каб падтрымаць справу гандлю беларускімі электроннымі кнігамі. І што я атрымала? Да сярэдзіны раману я не магла зразумець, чаму там аповед то ад першай, то ад трэцяй асобы і хто там з кім і да чаго. Потым у рэцэнзіі калегі я вычытала, што ў папяровай вэрсіі для дзьвюх ліній выкарыстоўваюцца розныя шрыфты. Здаецца, купляючы электронную кнігу мы спадзяемся займець такую ж, як папяровая, мінус папера. А ў электроннай вэрсіі ДСП я ў дадатак не адшукала ані згадкі пра рэдактара і карэктара, і цяпер маю поўнае права сумнявацца, ці глядзелі яны тэкст наагул. А грошы — няхай і меншыя, чым за «паперу», заплачаны.
Жыцьцё прымушае сучаснага чалавека цягам дня спажываць урыўкі і кавалкі самай рознай інфармацыі, часам у кантрасных і кур’ёзных спалучэньнях. Таму я стараюся чытаць адначасна толькі адну кнігу, каб на ёй засяродзіцца. А пачаўшы чытаць, раблю гэта ў любую вольную хвіліну дня ці ночы.
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Дызайн інтэр’ераў — маё хобі, і ўпарадкаваньне хатняй бібліятэкі — яго прыватны выпадак. Цяперашнія стэляжы ў нашай кватэры я змайстравала сама са старой мэблі, але гэта, прызнаю, наўрад ці варта перайманьня. Вельмі шмат прыдатнай і на любы густ кніжнай мэблі прадае «Ікея» або робяць на замову майстры. Мне здаецца зручным у маленькай кватэры, каб паліцы былі не глыбейшыя за 30 см і калі яны адкрытыя, бязь дзьверцаў (для тых, хто карыстаецца кнігамі часта). Мне спадабалася ставіць кнігі на шкляныя паліцы — яны не загрувашчваюць інтэр’ер і могуць вытрымаць вялікую вагу. Яшчэ сустракаесься з праблемай, калі маеш у бібліятэцы розныя патрэбныя брашуры ці «кніжкі-малышкі»: яны рассыпаюцца на паліцах і хутка псуюцца. Іх я прыдумала складаць у модныя цяпер кубічныя кашы. Здаецца, ідэя ляжыць на паверхні, але сябры дзякавалі за падказку. Таксама мяне цешыць, што ў апошнія тры гады ў нас зьявілася некалькі дзіцячых палічак — да таго часу на дзіцячыя кнігі было табу. Гэтыя палічкі ўсе з самага нізу, для зручнасьці «мэтавай аўдыторыі».
Кнігі стаяць па сэрыях, тэмах, мовах і фарматах вокладак, але ўсё адно знайсьці нешта можна толькі інтуітыўна. Зручна, канешне, што цяпер шукаць можна вачыма, нават не ўстаючы з канапы.
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Нашая з мужам бібліятэка абсалютна звычайная для нашага веку і роду заняткаў, таму ёю асабліва нікога ня зьдзівіш: у сяброў і знаёмых паліцы такія ж або падобныя. Я адсялілася ад бацькоў толькі з тымі кнігамі, якія набывала сама з 16 гадоў, таму пераважна тут усё з канца 90-х і да «апошняга часу». Але была адна цікавая гісторыя. Вельмі даўно на буккросінгу (!) я адшукала зборнік прозы беларускага клясыка ХХ стагодзьдзя з аўтографам. Аднойчы я распавяла пра яе калекцыянэру Ціхану Чарнякевічу і той вельмі захацеў яе мець. Загваздка была ў аўтографе — ён аказаўся вельмі таямнічым. Мы з Ціханам нават прадпрынялі дэтэктыўнае расьсьледаваньне, але яно пакуль што завяло нас у тупік. Так ці іначай, я саступіла асобнік Ціхану, абмяняўшы на іншую кнігу таго ж пісьменьніка.
Праз рамонты і пераезды за апошнія гады я тройчы перабірала бібліятэку. Проста на вачах беларускія кніжныя навінкі 2000-х-2010-х ператвараюцца ў бібліяграфічную рэдкасьць, бо выдаваліся немавед-дзе, немавед-як і немавед-якім накладам. Пры тым, што некаторыя кнігі маюць патэнцыял бэстсэлераў. Нешта мне падказвае, што 2020-я гады ў нас будуць эпохай перавыданьня — і мы ўсе ад гэтага толькі выйграем.
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
Гэта была сэрыя падарункаў. Дырэктар нашай школы Віктар Пшыкаў (цяпер наша школа вядомая як 29-я гімназія) напрыканцы 1990-х лічыў прынцыповым узнагароджваць усіх пераможцаў гарадзкіх і рэспубліканскіх алімпіядаў добрай мастацкай літаратурай у добрых выданьнях. Прычым, ня важна, якіх алімпіядаў — гуманітарыяў, фізыкаў і матэматыкаў чакаў адзін лёс. Я сама выйграла толькі адну алімпіяду ў 11-й клясе, затое пасьля мяне яшчэ два гады алімпіяды па інфарматыцы выйграваў мой брат Антон. Дырэктар запрашаў мяне ў школу, дзе я ў сакрэтным кабінэце, абкладзеным фаліянтамі, магла выбраць кнігі Антону на падарунак. Так дзякуючы брату ў мяне зьявіліся добрыя выданьні: Верлен-Рэмбо-Малярмэ пад адной вокладкай і «Сэрапіёнавы браты» Э. Т. А. Гофмана, якія потым прыдаліся на філфаку. А здаровы том Ігара Севяраніна мне, здаецца, набывалі адрасна, бо я на ўроках абвяшчала яго сваім любімым расейскім паэтам. У тыя часы тыя кнігі былі сапраўдным скарбам.
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
Любімая гераіня (яна ж — антыгераіня) — гэта Эма Вудхаўз з раману Джэйн Остэн «Эма» (1816 г.). Перад ёй на нешта падобнае ў маёй душы прэтэндавала Скарлет О’Хара, аднак да Скарлет я заўсёды ставілася насьцярожана, пагатоў, ёй-та даводзілася круціцца, бо аўтарка пасяліла яе ў надта ж вірлівую эпоху, а саму кнігу Маргарэт Мітчэл пісала ў 1930-я ў ЗША. Эма Вудхаўз такая, якая яна ёсьць, на роўны месцы — без усялякіх сацыяльных катаклізмаў і рэвалюцыяў, і стварала яе Остэн тады, калі фэміністкі яшчэ толькі прыдумлялі слова «эмансыпацыя». Гэтая «гераіня» толькі і робіць, што памылкі, але пры гэтым яна адзіная ў шасьці «вялікіх раманах» Остэн, чыё імя аўтарка вынесла ў назву. Ёсьць сур’ёзныя падазрэньні, што гэта адзіная з крэатураў вялікай брытанкі, якую яна атаясамляла з сабою. Раней я пісала эсэ пра Эму Вудхаўз з нагоды 8 сакавіка.
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
Так, вельмі шмат, значна больш, чым цяпер. Усяго не пералічыш. Лягчэй сказаць, якія кніжкі я не чытала прынцыпова і, мусіць, ніколі не прачытаю. Гэта «Том Соер» ды «Гекельбэры Фін» Марка Твэна, «Олівэр Тўіст» Чарлза Дыкенса, пры тым што з Дыкенса да 13 гадоў прачытала ўсё, што было ў Пальмінскай сельскай бібліятэцы, апроч яшчэ «Піквікскага клюбу» і «Каляднага харалу» (апошняе, відаць, таму што прадбачыла беларускі пераклад Ганны Янкута). У фармуляры значылася, што я была другой чытачкай шматтомніка Дыкенса за 40 гадоў — першаю аказалася мая мама. Марка Твэна я таксама прачытала ўсяго, што ў той бібліятэцы быў, апроч вышэй згаданых хітоў. Нічога не чытала з Толкіна, хоць спрабавала 3 ці 4 разы ў розным веку.
Да бабулі ў Пальмінку мяне адпраўлялі штогод на тры месяцы лета, і зь пяці гадоў адразу па прыезьдзе вялі падымаць рэйтынгі чытацкай актыўнасьці ў бібліятэку. Пры канцы 1980-х — пачатку 90-х дзіцячыя кнігі ў бібліятэках былі расьпісаныя строга па ўзросьце, і, скажам, вучню 5 клясы нельга было выдаваць кнігі, прызначаныя для 6-га. Кнігі за «маю» клясу ў бібліятэцы заканчваліся ўжо ў чэрвені, і на астатнія два месяцы, карыстаючыся аўтарытэтам, чытво для мяне выпрошвала бабуля Зоя. Цалкам верагодна, бібліятэкаркам даводзілася рабіць махінацыі з фармулярамі, бо за такую вольнасьць магло і ўляцець.
Не чытала ў свой час «Кансуэла» Жорж Санд, бо зь ёю ўсе экзальтаваныя паненкі насіліся, і чамусьці не чытала нічога пра Чынгачгука ў Фэнімора Купэра. Але акурат гэтыя памылкі юнацтва я ня так даўно выправіла.
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
Прымушаць, я думаю, людзей да чытаньня ня варта. Але было б здорава, каб аднойчы прэзыдэнт прачытаў-такі «Вайну і мір» Лява Талстога. Ён так часта паўтарае, маўляў, фінансава падтрымае беларускую літаратуру толькі ў абмен на «Вайну і мір» айчыннай вытворчасьці, што паўстае сур’ёзнае падазрэньне, што эпапэі ён не чытаў. Магчыма, прачытаўшы, ён пачне фармуляваць сусьвету больш уцямныя запыты.
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
На прыватную вечарыну ці на літаратурную вечарыну? Гэта былі б вельмі розныя вечарыны. Жывых я і так каго хачу, таго запрашаю — на прыватныя або публічныя, праўда, ня ўсе прыходзяць. Вось Яраслаў Рудзіш ужо дзясяты год ня едзе. З памерлых — я б сустрэлася прыватна з Адамам Міцкевічам, Аляксандрам Фрэдрам і Багумілам Грабалам, якіх перакладала, бо засталося колькі пытаньняў. На літаратурную імпрэзу я запрасіла б аўтараў кніжнай сэрыі «Амэрыканка» Кена Кізі, Чарлза Букоўскі і Курта Вонэгута, бо з аўтографамі аўтараў кнігі прадаюцца лепш, чым з аўтографамі перакладчыкаў.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
Толькі аўтабіяграфія, толькі хардкор.
Што вы перачытваеце?
У дарослым веку — амаль нічога, і гэта кепска. Цікава перачытваць кнігі дзяцінства, ужо маючы дарослы досьвед, ведаючы мовы і г.д. У нас у школе ў 90-я вельмі кепска было з выкладаньнем гісторыі, і сусьветную гісторыю я, лічы, ведала з мастацкай літаратуры (дзякуючы ўсім гэтым разгорнутым камэнтарам, на якія не скупіліся рэдактары савецкіх выданьняў). Але ніякай сыстэмы ў галаве не было. Нядаўняя праца над беларускай «Шэрлакіянай» ў камандзе часопісу «Прайдзісьвет» паказала, што знаёмыя зь дзяцінства рэчы абарочваюцца нечым зусім іншым, калі зазіраеш у арыгінал і калі ўжо маеш нейкія дарослыя веды ў гісторыі, сацыялёгіі, геаграфіі, калі сама павандравала. Перачытала дзевяцітомнік «Прыгодаў Томэка» Альфрэда Шклярскага — а там, аказваецца, усе героі — барацьбіты за незалежнасьць Польшчы ад Расейскай імпэрыі. А ў адной з кніг героі ня проста хадзілі ў экспэдыцыю, а вызвалялі сасланага ў Сыбір польскага патрыёта. У дзяцінстве гэта ўсё чамусьці прайшло міма вушэй. А як «Старую крэпасьць» Бяляева цяпер у рукі браць, калі маеш столькі сяброў у Заходняй Украіне?
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
«У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча і «Чужую бацькаўшчыну» Вячаслава Адамчыка. Яшчэ два перавыданьні ад «Папуры», якія зрабілі гэтыя легендарныя творы даступнейшымі.