Камітэт дзяржкантролю: энэргетыкі трацяць грошы на дарагія машыны, і гэта адбіваецца на тарыфах

Ілюстрацыйнае фота

Калегія Камітэту дзяржаўнага кантролю разгледзела вынікі праверкі абгрунтаванасьці выдаткаў, што ўключаюцца ў сабекошт вытворчасьці цеплавой і электрычнай энэргіі арганізацыямі Міністэрства энэргетыкі, паведамляе сайт Дзяржкантролю.

Праверка, якую праводзіў Камітэт дзяржкантролю, паказала, што мадэрнізацыя цепласетак у Беларусі праводзіцца нізкімі тэмпамі. Як правіла, гэта тлумачаць дэфіцытам сродкаў, але пры тым значны аб’ём фінансаваньня накіроўваецца «на мэты, не зьвязаныя з павышэньнем надзейнасьці і эканамічнасьці энэргасыстэмы», адзначыў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў.

Офіс за 9 мільёнаў даляраў

У якасьці прыкладу Анфімаў прывёў будаўніцтва сяміпавярховага офіснага будынка плошчай 7 тыс. кв.м у цэнтры Менску для разьмяшчэньня апарату ДВА «Белэнэрга», у якое ўжо ўкладзена каля 2,9 млн даляраў (у цэлым жа кошт праекту — каля 9 млн даляраў).

«Але сродкі трацяцца на набыцьцё дарагіх легкавых аўтамабіляў, у тым ліку праз заліковыя схемы з даўжнікамі за спажытыя энэргарэсурсы», — заявіў старшыня Камітэту дзяржкантролю.

Арганізацыі энэргасыстэмы накіроўваюць грашовыя сродкі на ўтрыманьне апарату Дзяржаўнага вытворчага аб’яднаньня «Белэнэрга» за нібыта аказаныя кансультацыйныя паслугі, якіх фактычна не было. У 2017 годзе па такой схеме «Белэнэрга» атрымала на сваё ўтрыманьне каля 7 млн беларускіх рублёў.

У цэлым па выніках праверкі па розных кірунках у энэргетыцы выяўлены нявыкарыстаныя рэзэрвы зьніжэньня выдаткаў на агульную суму больш як 120 млн даляраў, адзначыў Леанід Анфімаў.

Год таму Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў у Камітэту дзяржкантролю разабрацца з фармаваньнем тарыфаў у энэргетыцы.

«Вы глядзелі, як яны (энэргетыкі. — РС) фармуюць свае тарыфы, колькі прыбытку закладваюць? Разьбярыцеся, якія вызначаны ім заробкі, за што ўтрымліваюць свае крутыя санаторыі, базы і іншае. Жыраваць за кошт грошай людзей недапушчальна ні для кога! І калі такія факты будуць выяўленыя да наступнага вашага ўдакладненьня тарыфаў, міністру трэба шукаць іншую працу», — сказаў тады Лукашэнка.

У пачатку траўня 2018 году Лукашэнка звольніў міністра энэргетыкі Ўладзіміра Патупчыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка звольніў міністра энэргетыкі за арганізацыю сямейнага бізнэсу

Паведамлялася, што пры падтрымцы міністра быў арганізаваны сямейны бізнэс у пастаўках будматэрыялаў па завышаных цэнах. Міністэрства энергетыкі некалькі месяцаў заставалася без міністра, толькі 31 жніўня на гэтую пасаду прызначылі Віктара Каранкевіча.