Куды едуць беларусы і хто едзе ў Беларусь. Карцінкі зь лічбамі

* без уліку «дзікуноў»

Сусьветны дзень турызму адзначаецца 27 верасьня. Свабода паглядзела, куды, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, беларускія турысты ехалі ў 2017 годзе, а таксама адкуль турысты прыяжджалі летась у Беларусь.

Белстат вядзе статыстыку толькі арганізаваных турыстаў — «дзікуны», якія едуць не праз турыстычныя кампаніі, а самастойна, у статыстыку не ўваходзяць.

Зь Беларусі едуць адпачываць часьцей, чым прыяжджаюць у Беларусь на адпачынак з-за мяжы. У 2017 годзе зь Беларусі за мяжу паехалі 727 500 турыстаў (у сярэднім ехалі адпачываць на 8 дзён), а ў Беларусь прыехалі 282 700 турыстаў.

Калі б 100 беларусаў вырашылі адпачываць, колькі і куды паехалі б

Беларусы за 2017 год наведалі 117 краінаў сьвету — ад папулярных Турэччыны, Эгіпту і Ўкраіны да экзатычных М’янмы, Пэру, Коста-Рыкі і Малі. Пры тым, што 727 500 турыстаў выяжджалі за мяжу, у 2017 годзе было таксама 82 100 арганізаваных турыстаў у межах Беларусі, 894 700 арганізаваных экскурсіяў па радзіме.

Калі б Беларусь прыняла 100 турыстаў, колькі адкуль было б

Абсалютная бальшыня замежных турыстаў у 2017 годзе прыехала ў Беларусь з Расеі і суседніх зь Беларусьсю краінаў, ды была таксама прыкметная колькасьць турыстаў з Кітаю, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Ізраілю і нават Іраку. А 0,4% замежных турыстаў прыехалі ў Беларусь з Турэччыны — адтуль, куды едуць адпачываць самі беларусы.

***

За студзень–ліпень 2018 году Беларусь павялічыла экспарт турыстычных паслуг на 17,5%, а колькасьць замежных турыстаў вырасла на 7,7% у параўнаньні з тым жа пэрыядам 2017 году, паведаміла Міністэрства спорту і турызму. За гэты час на турызме зарабілі 126,1 млн даляраў. Магчыма, рост зьвязаны з увядзеньнем 5-дзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзянаў 80 краінаў у лютым 2017 году.

І чыноўнікі чакаюць яшчэ большых прыбыткаў у сувязі з павелічэньнем «бязьвізу» з 5 да 30 дзён ад 24 ліпеня 2018 году.

Магчыма, беларусам таксама стане прасьцей выяжджаць на адпачынак у Эўропу: кажуць, Беларусь і Эўразьвяз амаль дамовіліся аб спрашчэньні візавага рэжыму і ніжэйшых цэнах на шэнгенскія візы.