Беларуская амбасада ў Атаве існуе з 1997 году, у Менску дагэтуль па сумяшчальніцтве акрэдытаваны амбасадар Канады ў Варшаве.
27 верасьня ў Менску праходзяць беларуска-канадзкія палітычныя кансультацыі. Беларускую дэлегацыю на іх ачольвае намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, канадзкую — памочніца намесьніка міністра Стэфані Бэк.
«Упершыню за гісторыю беларуска-канадзкіх дачыненьняў у Менск прыехала дэлегацыя такога ўзроўню», — заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
У складзе канадзкай дэлегацыі, акрамя супрацоўнікаў МЗС, прадстаўнікі апарату Тайнай рады Каралевы для Канады, амбасады Канады ў Польшчы, а таксама прадстаўнікі шэрагу канадзкіх кампаній, у тым ліку такіх, як вытворца смартфонаў BlackBerry і авіябудаўнічая кампанія Bombardier.
У рамках візыту пройдзе першы Беларуска-канадзкі дзелавы форум. Яго супольна падрыхтавалі Беларуская гандлёва-прамысловая палата і Канадзкая дзелавая асацыяцыя ў Расеі і Эўразіі.
Паводле крыніцаў Свабоды, гэты візыт мае стаць і штуршком для адкрыцьця амбасады Канады ў Менску. Дагэтуль беларускімі справамі па сумяшчальніцтве займаецца амбасада Канады ў Варшаве.
Беларусь мае сваю амбасаду ў Канадзе з 1997 году, месьціцца яна ў Атаве, у штаце два супрацоўнікі: часовы павераны ў справах Дзьмітры Басік і консул Павал Яўсеенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Консул і лекар наведалі «беларускага шпіёна» Палітыку ў СІЗА СБУ ў Кіеве