Славацкая паліцыя раніцай 27 верасьня затрымала падазраваных у забойстве журналіста Яна Куцьяка і ягонай дзяўчыны. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў юрыст, які працуе зь сям’ёй загінулага.
Аднак колькі чалавек было затрымана і хто яны — дагэтуль невядома. Паліцыя толькі паведаміла, што правяла некалькі ператрусаў на поўдні краіны.
Паводле інфармацыі выданьня Aktualne.sk, адзін з затрыманых раней працаваў паліцыянтам у горадзе Комарна. Гэтую інфармацыю паліцыя пакуль не пацьвердзіла.
Забойства журналіста было адным з самых гучных злачынстваў, учыненых у Славаччыне за апошнія гады. Целы 27-гадовага Яна Куцьяка і яго сяброўкі паліцыя выявіла ўвечары 25 лютага 2018 у іх доме, 65 кілямэтраў на ўсход ад сталіцы Славаччыны Браціславы.
Куцьяк супрацоўнічаў з міжнародным Цэнтрам па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці і вывучаў магчымыя сувязі славацкіх палітыкаў з італьянскай мафіёзнай групоўкай. Аб’ектамі яго расьсьледаваньня былі прэм’ер-міністар Робэрт Фіца і яго бізнэсовы партнэр Антоніё Вада — выхадзец з Італіі і ўладальнік сеткі сельскагаспадарчых фірмаў на ўсходзе Славаччыны.
Забойства журналіста прывяло да адстаўкі прэм’ер-міністра Фіца, кіраўніка МУС Славаччыны і некалькіх іншых чыноўнікаў.