Праз тры месяцы пасьля інцыдэнту з наездам бранявой машыны на цывільны легкавік у Міністэрстве абароны Беларусі расказалі Свабодзе, як пакаралі вінаватых і якія высновы зрабілі.
Інцыдэнт адбыўся 22 чэрвеня на выезьдзе з Горадні. Вайсковы БМП у выніку заносу наехаў на легкавік «Фольксваген», якім кіраваў пэнсіянэр. Кіроўца не пацярпеў, але быў заціснуты ў легкавіку, яго выцягнулі з дапамогай спэцыяльных прыладаў. Аўтамабіль рамонту ўжо не падлягаў.
БМП, якая ўчыніла наезд, належыць 6-й гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе Заходняга апэратыўнага камандаваньня. Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі, грошы на кампэнсацыю за зьнішчаны аўтамабіль былі тэрмінова сабраныя афіцэрскім сходам вайсковай часткі.
«Сабралі значна больш грошай, чым каштаваў аўтамабіль», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў. «Прынятыя ўсе захады для папярэджваньня падобных дарожна-транспартных здарэньняў. Дысцыплінарным чынам пакараныя ўсе асобы, вінаватыя ў ДТЗ», — паведаміў Макараў, але не ўдакладніў, як і колькі вайскоўцаў былі пакараныя.
«Крымінальная справа не заводзілася. Глядзіце Дысцыплінарны статут, пакаралі паводле статуту».
Паводле Дысцыплінарнага статуту максымальнае пакараньне салдатаў і сяржантаў — да 10 содняў арышту на гаўптвахце, але, паводле Макарава, вінаватых не арыштоўвалі, іх маглі пакараць нечарговымі нарадамі, пазбаўленьнем званьня або вымовай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць сьмерцяў, мабільнікі ў Печах, сяржанты на лаве падсудных. Што адбылося за год са сьмерці Коржыча