У фарбавальнай камэры фабрыкі «Магілёўдрэў» 25 верасьня адбыўся выбух. У выніку здарэньня шпіталізавалі 6 чалавек, зь іх 3 у цяжкім стане. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Сьледчага камітэту ўзяў на асабісты кантроль справу аб выбуху на «Магілёўдрэве»
«Магілёўдрэў» — прадпрыемства па вытворчасьці мэблі з масіву сасны — існуе з 1957 году. Доля дзяржавы ў акцыях складае больш за 80 адсоткаў. Штат кампаніі перавышае 500 супрацоўнікаў.
Трэцяе здарэньне за 5 гадоў
У верасьні 2014 году на фарбавальным участку мэблевага цэнтру адбыўся пажар у фарбавальных камэрах. Ніхто не пацярпеў, пісаў Tut.by.
У 2013 годзе адбылося ўзгараньне на ўчастку брыкетаваньня дрэва ў Магілёўскім раёне, пісаў Tut.by. Прычына ўзгараньня — парушэньне супрацьпажарных патрабаваньняў пры правядзеньні зварачных работ.
Рахункі арыштоўвалі, заробкі затрымлівалі
Аляксандар Лукашэнка ў 2016 годзе ўтварыў холдынг зь дзевяці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў пад кіраваньнем Банку разьвіцьця, куды ўвайшоў «Магілёўдрэў». Дагэтуль улады неаднаразова патрабавалі мадэрнізацыі вытворчасьці як на «Магілёўдрэве», так і ў дрэваапрацоўцы ў цэлым. У першым квартале 2017 году рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў складала −5%, паводле БелТА.
Праз пазыкі перад дзяржаўным бюджэтам і іншымі прадпрыемствамі ў 2014 годзе рахункі «Магілёўдрэў» арыштавалі на некалькі месяцаў, пісаў Tut.by. У гэты час супрацоўнікам мэблевай фабрыкі затрымлівалі заробкі.
У 2013 годзе прадпрыемства выстаўлялі на аўкцыён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыкі распавялі пра стан пацярпелых ад выбуху на «Магілёўдрэў», траіх будуць лячыць у Менску«Магілёўдрэў» страсала карупцыя
Сёлета ў красавіку Сьледчы камітэт паведаміў пра расьсьледаваньне крымінальнай справы за хабарніцтва супраць выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара «Магілёўдрэў».
У 2014 годзе іншага генэральнага дырэктара «Магілёўдрэў» Андрэя Вусава асудзілі на 8 гадоў турмы за злоўжываньне ўладай, крадзяжы і нанясеньне шкоды ў буйным памеры. У 2016 годзе Вусаў выйшаў на волю і стаў намесьнікам дырэктара магілёўскага заводу «Будмашына».