26-га верасьня кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і руху «За свабоду» заявілі, што правацэнтрысцкая кааліцыя пачынае падрыхтоўку да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.
Байкоту ня будзе
«Для правацэнтрысцкай кааліцыі праблемы байкоту выбараў не існуе, — заявіў выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў. — Мы пераканаліся, што за тры месяцы агітацыйнай кампаніі можна зрабіць вельмі шмат для асьветы людзей, і не скарыстацца такой магчымасьцю было б проста абсурдна. Таму ніякага байкоту ні адных, ні другіх выбараў ня будзе».
Спачатку праграма і каманда, пасьля — кандыдат
«Падрыхтоўка да новых прэзыдэнцкіх выбараў гэтым разам будзе прынцыпова адрозьнівацца ад папярэдніх кампаній, — заявіў сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. — Калі раней на першы плян выходзіла фігура адзінага кандыдата, то гэтым разам мы спачатку ствараем адзіную каманду і рыхтуем для нашага прэтэндэнта каля дзясятка праграмаў па самых актуальных праблемах жыцьця».
Паводле яго, галоўнае каб у вызначэньні адзінага кандыдата «было задзейнічана як мага больш людзей».
«Магчыма, прэтэндэнта вызначым праз праймэрыз ці нейкім іншым шляхам. Але імя кандыдата назавуць, і гэта будзе значна раней, чым за тры месяцы да даты выбараў. Працэдура абраньня адзінага кандыдата будзе запушчаная ў 2019 годзе», — сказаў Рымашэўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алег Гайдукевіч: «На месцы апазыцыі я б вылучаў у прэзыдэнты Канапацкую» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Канапацкая расказала пра свае прэзыдэнцкія амбіцыіРэгіёны вызначаюць кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў
«Правацэнтрысцкая кааліцыя пачала вызначаць патэнцыйных кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў, — заявіў старшыня руху „За свабоду“ Юрась Губарэвіч. — У рэгіёнах ужо пачалася праца. Ідзе фармаваньне камандаў, вылучэньне актывістаў, вызначаюцца самыя болевыя пункты рэгіёнаў. Усё гэта дапаможа падчас правядзеньня агітацыйнай кампаніі. Можна сказаць, што рэальная палявая праца ў рэгіёнах ужо пачалася».
Правацэнтрысцкая кааліцыя — яна паўстала ў 2015 годзе. У яе ўваходзяць:
- Аб’яднаная грамадзянская партыя, заснаваная ў 1995 годзе. Яна была ўтвраная праз аб’яднаньне Грамадзянскай (заснаванай у 1994-м) і Аб’яднанай дэмакратычнай партыяў (заснаванай у 1990-м). АГП зь нядаўняга часу ўзначальвае Мікалай Казлоў. У Палаце прадстаўнікоў ёсьць адна прадстаўніца АГП (і адна зь дзьвюх апазыцыянэрак сярод 110 дэпутатаў), Ганна Канапацкая.
- Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, адроджаная ў 2004 годзе, а заснаваная аж у 1927-м. Арганізацыя ўжо сем разоў спрабавалазарэгістравацца ў якасьці партыі, але пастаянна атрымлівала адмовы. У БХД чатыры сустаршыні: Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Георгі Дмітрук і Вольга Кавалькова. У мясцовых саветах ёсьць адзін апазыцыйны дэпутат (апазыцыі ў саветах 0,0055%), прадстаўнік БХД Валер Білібуха.
- Рух «За свабоду», заснаваны ў 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыйным кандыдатам Аляксандрам Мілінкевічам. Рух цяпер узначальвае Юрась Губарэвіч. Сваіх дэпутатаў ня мае, хоць прадстаўнікі руху удзельнічалі ў мясцовых і парлямэнцкіх выбарах.
У Правацэнтрысцкую кааліцыю мела ўвайсьці і Партыя БНФ, ды незадоўга да абвяшчэньня аб стварэньні кааліцыі Беларускі народны фронт перадумаў, бо «важна, каб нашае пасланьне было данесенае да людзей менавіта ў тым выглядзе, якім мы яго бачым». Але БНФ не процістаіць правацэнтрыстам, чальцы партыі нярэдка працуюць разам з кааліцыяй, шмат у чым БНФ і правацэнтрысты маюць блізкія пазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя Гайдукевічаў назвала сябе «адзінымі правацэнтрыстамі краіны». Правацэнтрысты зьдзівіліся