Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што накіраваньне міратворцаў на Данбас ёсьць «вырашальным фактарам для спыненьня канфлікту» на ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта ён сказаў, выступаючы на сэсіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.
«Правядзеньне міжнароднай міратворчай апэрацыі пад мандатам ААН будзе мець на мэце аднаўленьне ўкраінскага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, — вырашальны фактар для таго, каб пакласьці канец канфлікту», — заявіў Парашэнка.
Паводле яго, «няма лепшага шляху, чым арганізаваць такую апэрацыю з моцным ААНаўскім мандатам».
Паколькі запыт Украіны аб накіраваньні на Данбас міратворчай місіі ААН да гэтага часу не задаволены, Украіна лічыць гэтае рашэньне «тэстам, ці здольныя Аб’яднаныя нацыі наогул дзейнічаць у сытуацыі, якая зьяўляецца выклікам, тэстам, які ААН усё роўна давядзецца прайсьці».
Парашэнка таксама заявіў, што ідэю міратворчай апэрацыі падтрымліваюць Нямеччына, Францыя і Злучаныя Штаты, а супраць — «толькі Расея», і патлумачыў, чаму.
«Толькі Расея супраць міратворцаў! Па-першае, таму, што Крэмль напалоханы — міратворцы ўбачаць расейскія падраздзяленьні і вайсковы рыштунак па ўсёй акупаванай тэрыторыі. Таксама яны баяцца страціць кантроль за ўкраінскай-расейскай мяжой», — заявіў прэзыдэнт Украіны.
Ён прывёў дадзеныя аб колькасьці пацярпелых у выніку ўзброенага канфлікту на Данбасе: 35000 чалавек (сярод якіх больш за 10 тысяч забітыя і 25 тысяч параненыя) колькасьць пераселеных асобаў — больш за паўтара мільёна.
Парашэнка нагадаў, што Ўкраіна сама бярэ ўдзел у міратворчых апэрацыях ААН, таму яшчэ раз зьвярнуўся да генэральнага сакратара арганізацыі і да лідэраў краінаў — чальцоў ААН з заклікам вярнуцца да прапановы Кіева аб правядзеньні міратворчай апэрацыі на Данбасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне: большасьць расейскіх вайскоўцаў на Данбасе — кантрактнікіРасея, якая падала ў Раду Бясьпекі ААН прапанову наконт міратворчых сіл арганізацыі на Данбасе, дамагаецца, каб гэтыя сілы дысьлякаваліся толькі паблізу лініі кантакту ў месцах, дзе працуюць назіральнікі АБСЭ, і мелі задачай толькі ахову гэтых назіральнікаў.
Украіна і яе заходнія саюзьнікі адкінулі такія абмежаваньні і настойваюць, што гэтыя сілы павінны працаваць на ўсёй акупаванай тэрыторыі Данбасу, уключаючы некантраляваны зараз участак расейска-ўкраінскай мяжы, і мець шырокі міратворчы мандат.
Акрамя таго, Кіеў і Захад адпрэчваюць любое ўзгадненьне падрабязнасьцяў магчымай місіі ААН з баевікамі, якія не зьяўляюцца бокам менскіх дамоўленасьцяў аб урэгуляваньні на акупаванай частцы Данбасу.
Абмеркаваньне магчымасьці і ўмоў разьмяшчэньня сілаў ААН на акупаванай тэрыторыі Данбасу ўсё яшчэ працягваецца.