Сёньня аднаўляецца судовы працэс у справе аб сьмерці салдата Аляксандра Коржыча, якога летась знайшлі павешаным у вайсковым вучэбным цэнтры Печы пад Барысавам. Маці Коржыча, Сьвятлана, ня верыць у вэрсію ў сьледзтва пра самагубства сына і лічыць, што яго забілі.
«Я лічу, што ён ня сам павесіўся, — сказаў на працэсе ўрач хуткай дапамогі Тадэвуш Штукін, які прыяжджаў на месца канстатаваць сьмерць салдата. — Ногі зьвязаныя, высока вісіць. Як так? Гэта мая асабістая думка, труп я дэталёва не аглядаў».
Старшы судмэдэкспэрт Сяргей Зорын, які праводзіў першае ўскрыцьцё трупа лічыць інакш:
«Гэты труп — клясычны выпадак, — сказаў на судзе Зорын. — Людзі вешаюцца празь дзень, я часта аглядаю такія трупы. Маю 22 гады практыкі. Тут я не знайшоў нічога незвычайнага. Ёсьць усе прыкметы таго, што пятля зацягвалася не рукамі, няма сьлядоў барацьбы, нават самых дробных».
Дацэнт доктар Аляксандар Пілін узначальвае Інстытут судовай мэдыцыны і таксыкалёгіі першага мэдычнага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе (Чэхія). Ён пракамэнтаваў для Радыё Свабода некаторыя спрэчныя моманты ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд па справе Коржыча амаль скончаны. Коратка пра асноўнае, што мы даведаліся на працэсеПра тое, што маці Коржыча не далі пабачыць цела сына перад сумэдэкспэртызай
«Мы таксама не дазваляем сваякам пабачыць цела перад ускрыцьцём. Вынятак можа быць толькі калі трэба правесьці ідэнтыфікацыю асобы. У астатніх выпадках мы адмаўляем у гэтым — з гігіенічных і зь юрыдычных прычын».
Пра сьляды на запясьцях, якія відаць на некаторых здымках цела
Паводле судмэдэкспэрта Зорына, «рукі бінтом зьвязвалі санітары, каб не пашкодзіць іх падчас перамяшчэньня цела».
Пілін: «У нас рукі для перавозкі і экспэртызы ня зьвязваюць. Адно з асноўных правілаў — праводзіць як найменш маніпуляцый зь целам. Бывае, што на рукі надзяваюць пакеты, каб на іх ня трапіла нешта староньняе. Але зьвязваць рукі няма сэнсу. Для перавозкі цела, яго кладуць у адмысловы плястыкавы мяшок. Калі цела накіроўваюць на судмэдэкпэртызу, паліцыя апячатвае гэты мяшок».
Пра сьляды на галаве
Таксама Зорын сказаў, што паколатая «нібы цьвікамі» галава Коржыча — гэта сьляды ўскрыцьця трупа ў моргу.
Пілін: «Для мяне гэта не выглядае як сьляды ўскрыцьця. Мне цяжка судзіць паводле фотаздымку, але выглядае гэта як пашкоджаньні, якія чалавек атрымаў яшчэ пры жыцьці.
Гэта магло б быць і сьледам ад удару, але наўрад ці ад такога ён бы страціў прытомнасьць. Калі б яго ўдарылі так, што ён згубіў прытомнасьць, дык быў бы значны выцек крыві і сьляды на галаве ці недзе яшчэ на целе.
Дарослага мужчыну вельмі цяжка павесіць супраць ягонай волі — на целе маюць застацца сур’ёзныя сьляды барацьбы. Альбо ён павінны быў знаходзіцца пад узьдзеяньням нейкіх заспакаяльных рэчываў ці моцна п’яны».
Паводле судовай мэдычнай экспэртызы, сьлядоў алькаголю ў крыві Коржыча не было знойдзена.
Ці мог Коржыч сам зьвязаць сабе ногі перад самагубствам?
Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным з завязанай на галаве майкай і зьвязанымі нагамі. У матэрыялах справы ёсьць вынікі некалькіх сьледчых экспэрымэнтаў на месцы здарэньня. Паводле іх, Коржыч мог падвесіць пятлю да столі, а пасьля самастойна, абапіраючыся нагамі і сьпінай аб сьценкі памяшканьня, дабрацца да пятлі і прасунуць у яе галаву.
«Гэта вельмі незвычайна, але такое можа быць, часьцей бываюць зьвязаныя рукі. Мы мелі такія выпадкі.
Судзячы па тых матэрыялах, якія я бачу, мы б у такім выпадку напісалі, што гэта гвалтоўная сьмерць спосабам, тыповым для самагубства, і не былі знойдзеныя сьляды іншага гвалту.
Странгуляцыйная баразна, якую відаць на здымку, тыповая для павешаньня. Тыя пашкоджаньні, якія я бачу на галаве, асабліва на лобе, маглі зьявіцца альбо перад павешаннем, альбо цягам асфіксіўнага працэсу пры павешаньні ў выніку канвульсіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самагубства ці забойства? Белыя плямы ў справе Коржыча