Аналягічная дамова зь Літвой дзейнічае ад жніўня 2006 году.
Пагадненьне між урадамі Беларусі і Латвіі аб апэратыўным апавяшчэньні пра ядзерныя аварыі набыло сілу яшчэ 3 верасьня, але было апублікаванае (PDF) толькі праз тры тыдні.
Беларусь і Латвія дамовіліся, што ў выпадках аварыяў, калі адбыўся або можа адбыцца выкід радыяактыўнага матэрыялу і калі той матэрыял можа перанесьціся празь мяжу (а таксама калі адна з краінаў фіксуе іянізацыйнае выпраменьваньне на шкодных для чалавека ўзроўнях) краіна, на тэрыторыі якой адбылася аварыя, паведамляе другой:
- Час, месца і дакладны характар ядзернай аварыі;
- Устаноўкі і від дзейнасьці, зьвязаныя з аварыяй;
- Меркаваную прычыну аварыі і магчымыя сцэнары разьвіцьця;
- Захады, якія робяцца або плянуюцца за межамі пляцоўкі, дзе адбылася аварыя;
- Агульныя характарыстыкі радыяактыўнага выкіду;
- Інфармацыю пра надвор'е для прагназаваньня пераносу радыяактыўных рэчываў празь мяжу;
- Вынікі маніторынгу навакольнага асяродзьдзя што да гэтага пераносу;
- Прагноз распаўсюду выкіду.
Таксама краіны дамовіліся абменьвацца інфармацыяй і ня ў выпадках аварыяў — паведамляць адна адной пра ядзерныя ўстаноўкі, якія эксплюатуюць або будуюць, а таксама пра ўстаноўкі і віды дзейнасьці з рызыкай выкідаў радыяактыўных матэрыялаў, весьці навукова-тэхнічную супрацу.
Праўда, у Латвіі няма АЭС — і не плянуецца
У Латвіі пакуль няма атамных электрастанцыяў і нават плянаў іх будаўніцтва. Хіба раз на некалькі гадоў латвійскія навукоўцы нагадваюць, што прыродныя рэсурсы «не бясконцыя», АЭС мо і варта збудаваць недзе ў 2030 годзе. Але гэта пакуль толькі абмеркаваньні — канкрэтныя пляны не агучваліся.
АЭС была ў суседняй Літве. Ды Ігналінскую АЭС, якая знаходзіцца за 4,5 км ад беларускай мяжы, цяпер у працэсе закрыцьця: другі рэактар пачалі адключаць у канцы 2009 году на патрабаваньне Эўразьвязу, хоць у Літве было нямала прыхільнікаў працягу працы АЭС.
І калі Літва пасьлядоўна выступае супраць будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы і пагражае энэргетычным эмбарга (тэзісна 10 прэтэнзіяў Літвы да БелАЭС сфармуляваныя тут), то Латвія проста выказвае занепакоенасьць ды не разглядае сур’ёзных санкцыяў супраць Беларусі з нагоды АЭС. Літва дакарае Латвію за брак балтыйскай салідарнасьці супраць Астравецкай АЭС.
Тым часам праз будаўніцтва БелАЭС Лукашэнка завочна паспрачаўся з Расеяй: ён кажа, расейцы сарвалі тэрміны будаўніцтва (таму просіць адтэрміноўку платы па расейскіх крэдытах), ды «Росатом» адказвае, што ўсё ідзе паводле пляну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Увод у эксплюатацыю першага блёка БелАЭС афіцыйна адкладзены на годБеларуская АЭС будуецца пад Астраўцом (Горадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд даляраў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 году.
5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС
Для Беларускай АЭС выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200.
Літва ня раз ставіла пад сумнеў выбар для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, якая ўсяго за 50 кілямэтраў ад Вільні. Краіна ня верыць у надзейнасьць стрэс-тэстаў станцыі, пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюццавыкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік міністра энэргетыкі патлумачыў, чаму замоўчвалі інцыдэнты на Астравецкай АЭС