Спэцыяльны прадстаўнік Злучаных Штатаў у пытаньнях Украіны Курт Волкер заявіў, што вялікую частку вайскоўцаў у Данбасе складаюць кантрактнікі расейскай арміі. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію расейскаму выданьню «Эхо Москвы».
На пытаньне журналіста Аляксея Венядзіктава, ці ёсьць у яго зьвесткі пра тое, што менавіта расейскія вайскоўцы кантралююць ход падзей на Данбасе, Волкер адказаў станоўча.
«Што б я ні сказаў, мне адразу ж запярэчыць хтосьці, каму не падабаюцца тыя ці іншыя лічбы, але дазвольце мне адзначыць, што мы вельмі старанна вывучылі гэтае пытаньне. У нас ёсьць вельмі добрая інфармацыя пра камандзіра, ланцужок камандаваньня, тыпы войскаў, іх фінансаваньне, колькасьць вайскоўцаў рэгулярнай расейскай арміі, колькасьць спэцыялізаваных падразьдзяленьняў, а большасьць сілаў складаюць кантрактнікі.
Я буду вельмі адкрытым: ЗША рабілі гэтаксама ў іншых месцах, дзе мы выкарыстоўвалі падрадчыкаў як дадатак да ваенных апэрацый ЗША, і ў гэтым выпадку склалася такая ж сытуацыя. Ажыцьцяўляецца непасрэднае расейскае камандаваньне і кіраваньне праз ланцужок камандаваньня, уключаючы рэгулярныя войскі, рэгулярных афіцэраў, але большую частку складаюць кантрактнікі, якім плаціць Расея», — заявіў спэцпрадстаўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найміты Пуціна: колькі каштаваў «русский мир» пад Дэбальцавам і ПальмірайІншыя ж удзельнікі канфлікту, якія супрацьстаяць украінскім урадавым войскам, — грамадзяне Ўкраіны, нанятыя па кантракце, або грамадзяне іншых краінаў, дадаў ён.
Волкер адзначыў, што міратворчы кантынгент ААН павінен быць разьмешчаны ў акупаваных раёнах Украіны пасьля таго, як Расея выведзе адтуль свае войскі, і да таго, як на тэрыторыю зойдуць вайскоўцы ўкраінскіх узброеных сіл. Паводле Уолкера, пра гатоўнасьць унесьці ўклад у міратворчую місію на Данбасе ўжо заявілі Швэцыя, Фінляндыя, Аўстрыя, Беларусь, Сэрбія і Турэччына.
«На мой погляд, гэта добры дыяпазон краінаў, які ўключае некалькі дзяржаў, якія разглядаюць у Расеі больш як частку Захаду, і некалькі такіх, якіх на Захадзе разглядаюць як частку прасторы СНД, і я мяркую, што адчуваньне балянсу было б лягічным», — заўважыў спэцыяльны прадстаўнік ЗША.
Канфлікт на Данбасе працягваецца з красавіка 2014 году. Расея неаднаразова адмаўляла ўдзел сваіх вайскоўцаў у канфлікце, пра што заяўляюць Украіна і Захад. Масква ж прызнае толькі прысутнасьць расейскіх «добраахвотнікаў» у Данбасе і не камэнтуе наяўнасьці там найноўшых расейскіх узбраеньняў.