Камітэт дзяржаўнага кантролю распавёў пра вынікі праверкі абгрунтаванасьці выдаткаў. Міністэрства магло заашчадзіць больш за 120 мільёнаў даляраў, гэта магло б зьнізіць сабекошт энэргарэсурсаў і тарыфы для спажыўцоў.
Чаму не заашчадзілі?
- «Нізкімі тэмпамі» мадэрнізавалі цепласеткі, тлумачылі гэта недахопам сродкаў.
- Да рамонту сыстэмаў цеплазабесьпячэньня прыцягваюцца прыватныя камэрцыйныя структуры, пры гэтым ведамства мае ўласную спэцыялізаваную службу.
- Дапусьцілі растрату падчас закупу матэрыялаў і дэталяў.
- Не аналізавалі рэзэрваў для зьніжэньня выдаткаў на прадпрыемствах энэргетыкі.
- Замінала цяперашняя схема фінансаваньня канцэрну «Белэнэрга».
- Не «аптымізавалі колькасьць» пэрсаналу ў арганізацыях энэргасыстэмы.
- Выдаткоўвалі грошы на аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці. Напрыклад, кацельні «Кедышкі» і «Арлоўская» ў Менску.
- Утрымоўвалі стратныя сацыяльныя абʼекты. Напрыклад, сталоўкі, загарадныя базы адпачынку, аздараўленчыя і спартовыя комплексы ў падпарадкаваньні «Віцебскэнэрга».
- Праводзілася закупка дарагіх аўтамабіляў (у тым ліку праз «заліковыя схемы» за даўгі па энэргарэсурсах).
- Шмат выдаткавалі на будаўніцтва новага офісу «Белэнэрга» (туды ўжо ўклалі каля 2,9 млн даляраў, агулам праект ацэньваецца ў 9 млн).
Лукашэнка абураўся працай Мінэнэрга
У звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і народу 24 красавіка Аляксандар Лукашэнка абураўся працай Мінэнэрга, пасьля чаго ў міністэрстве паведамілі пра звальненьне генэральнага дырэктара канцэрну «Белэнэрга» Яўгена Воранава.
«Вы чулі, як працуе ў нас міністар энэргетыкі і міністэрства. Нават вялікія начальнікі невядома якіх там канцэрнаў (цяпер разьбіраюся з гэтай структурай) запілі настолькі, што забыліся хадзіць на працу, — сказаў Лукашэнка. — Як толькі выкінулі на вуліцу (даўно гэта трэба было зрабіць), абаронцы ад прэм’ер-міністра да хатніх гаспадыняў пабеглі да прэзыдэнта — абараняць, які ён добры, пакуль ня тыцнулі носам у тыя праблемы, якія там існуюць».
Таксама падчас таго звароту Лукашэнка скрытыкаваў маштабныя інвэстыцыйныя праекты, якія зь невядомых прычын замарозіліся: заводы ў Сьветлагорску і Добрушы. Больш за 10 мільярдаў даляраў укладзена ў АЭС, а дагэтуль, паводле Лукашэнкі, і невядома, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны.
Патупчык быў прызначаны міністрам энэргетыкі ў красавіку 2013 году, пасьля звальненьня за «правалы ў кіраваньні энэргетычнай галіной» ягонага папярэдніка Аляксандара Азярца. Тады адначасова з Азярцом Лукашэнка звольніў першага намесьніка міністра энэргетыкі Эдуарда Таўпянца і генэральнага дырэктара «Белэнэрга» Аляксея Шырму.
Да прызначэньня міністрам энэргетыкі Ўладзімер Патупчык ня меў дачыненьня да гэтай галіны. З 2006 па 2009 год Патупчык узначальваў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Менавіта пры ім былі скасаваныя льготы для пэнсіянэраў і чарнобыльцаў, студэнтаў. У 2009 годзе Патупчык стаў віцэ-прэм’ерам — адказваў ва ўрадзе за сацыяльную сфэру. У 2011 годзе ён быў прызначаны намесьнікам старшыні Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доўг за электрычнасьць і цеплаэнэргію ў Беларусі наблізіўся да 1 млрд рублёў