Масавым мерапрыемствам палічылі збор подпісаў адной жанчынай. Будзе суд

Вольга Маёрава (у цэнтры) зьбірае подпісы, архіўнае фота

Раней у Беларусі бывала і такое, што за «масавае мерапрыемства — адзіночны пікет» чалавека судзілі тройчы, бо пікет прайшоў у трох раёнах Менску, і такое, што актывіста тры дні трымалі ў ізалятары за «пікет у фаташопе».

Каардынатарка грамадзянскай кампаніі «Мы з табой у адным доме» Вольга Маёрава расказала на Facebook пра выклік у суд за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Асаблівасьць «масавага мерапрыемства» ў тым, што яго праводзіла толькі сама Маёрава.

4 верасьня яна расказала, што зьбірала подпісы пад пэтыцыяй за новы закон «Аб абароне жывёлаў» на скрыжаваньні праспэкту Пераможцаў і вуліцы Нямігі ў Менску. Яе затрымалі, адвезьлі ў РУУС, забралі ўсе подпісы (яна пасьпела сабраць 55 за паўтары гадзіны) і памяткі пра электроннае галасаваньне.

28 верасьня суд Цэнтральнага раёну Менску разглядзіць справу гэтага парушэньня паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП РБ – «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» «паўторна цягам году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за тыя ж парушэньні». Маёраву могуць пакараць штрафам у 20–50 базавых велічыняў (490–1225 рублёў) або адміністрацыйным арыштам.

***

Гэта ня першы раз, калі ў Беларусі караюць за «масавае мерапрыемства», зладжанае адным чалавекам. Так, актывістку Віку Біран судзілі адразу ў трох судах, бо яна зрабіла тры фота з плякатам у трох розных раёнах Менску (выступала супраць «гамафобнай заявы» міністра ўнутраных справаў). Актывіста Пятра Маркелава тры дні трымалі ў ізалятары за пікет, «праведзены» ў графічным рэдактары (выступаў і супраць той заявы, і супраць блякаваньня сайту прыхільнікаў легалізацыі марыхуаны).

Тымчасам пэтыцыя на сайце Zvarot.by набрала больш за 1700 подпісаў. У пэтыцыі падпісанты патрабуюць далучэньня Беларусі да эўрапейскай Канвэнцыі абароны жывёлаў; зьмены артыкулу Грамадзянскага кодэксу Беларусі, у якім жывёлам надаюць статус маёмасьці; адмовіцца ад цяперашняй рэдакцыі закону «Аб абыходжаньні з жывёлай» і распрацаваць новую вэрсію закону з улікам меркаваньня зоаабаронцаў і «стандартаў цывілізаванага грамадзтва».

На сайце Petitions.by тымчасам зьбіраюць подпісы пад іншай пэтыцыяй на блізкую тэму — за рэальныя тэрміны зьняволеньня для жывадзёраў, бо пакуль тых караюць пераважна штрафамі і ўмоўнымі тэрмінамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія правы маюць жывёлы ў Беларусі і краінах Эўразьвязу

Ад нядаўняга часу правы жывёлаў таксама рэгулююцца асобнымі артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусі. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — арышту.

Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі набыла сілу ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1 КК. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёліны наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю.

Аднак на практыцы аказалася, што такія намеры даказаць няпроста, таму ў лепшым разе з парушальніка могуць спагнаць некалькі базавых велічыняў (максымальная санкцыя — 1 год пазбаўленьня волі).

У ліпені ўрад адклікаў законапраект «Аб абыходжаньні з жывёлай». Над ім працуюць ужо 7 гадоў, тэкст вярнулі на дапрацоўку шосты раз. У 2016 годзе законапраект прайшоў праз грамадзкае абмеркаваньне, актывісты крытыкавалі яго за тое, што ён можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёлай. Усе прапановы зоаабаронцаў адхіленыя, ніводная ў праект не ўвайшла.