23 верасьня абраны на мінулым зьезьдзе старшынём АГП Васіль Палякоў зьвярнуўся ў Палітраду партыі з заявай аб адстаўцы.
24 верасьня Палірада прыняла адстаўку. Да наступнага зьезду партыяй будзе кіраваць намесьнік старшыні Мікалай Казлоў.
Васіль Палякоў, які жыве ў Гомлі, быў выбраны старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі 8 ліпеня. Праз два месяцы працы Палякоў зрабіў заяву, што ня зусім уяўляў, якія праблемы і выклікі стаяць перад партыяй. Сытуацыю ўскладніла немагчымасьць пераезду ў Менск, паведамляе прэсавая служба АГП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я глыбока капаю», — першае інтэрвію новага лідэра АГП Васіля Палякова
Казлоў: Буду паўнавартасным старшынём
Абраны выканаўцам абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў заявіў Свабодзе, што ня лічць сябе часовым лідэрам.
«У мяне цяпер пытаюцца, ці буду я, займаючы пасаду выканаўцы абавязкаў старшыні партыі, спасылацца на тое, што ў мяне не хапае ўлады і я толькі часовы выканаўца, а не паўнавартасны старшыня. Ведаеце, я ня вельмі хацеў браць на сябе гэты цяжар, але ўжо калі яго паклалі на мае плечы, то я гатовы яго несьці. І гаварыць пра тое, што я толькі часовы выканаўца, я ніколі ня буду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лябедзька пра адстаўку старшыні АГП: «Не хацеў чуць, што мой цень кіруе партыяй»Кавалёва: Магчымы пазачарговы зьезд
Паводле актывісткі АГП Антаніны Кавалёвай, згодна са Статутам АГП, зьезд партыі адбываецца не радзей чым адзін раз на два гады.
«Але можна правесьці пазачарговы зьезд, калі ініцыятарам яго выступіць: а) нацыянальны камітэт партыі, б) палітрада партыі, в) тры абласныя арганізацыі, г) 1/5 сяброў партыі», — зазначыла Кавалёва.
Дабравольскі: Палякоў недаацаніў цяжар
Былы намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што на рашэньне Палякова моцна паўплыва тое, ён ня змог пераехаць з Гомля ў Менск.
«Сёлета пераехаць у яго дакладна не атрымаецца, ды і ў наступным годзе гэта было пад пытаньнем. Вось усё гэта і паўплывала на ягоны ўчынак».
Марголін: «Палякоў нас агарошыў»
Сябра Палітрады АГП Леў Марголін лічыць, што Васіль Палякоў зрабіў сумленны ўчынак.
«Атрымалася так, што мабыць, калі ён абіраўся, ён думаў, што ўсё будзе лягчэй. А рэчаіснасьць аказалася іншай. Шчыра кажучы, ён нас агарошыў. Учора на паседжаньні Палітычнай рады нашай партыі, калі ён выступіў з заявай пра складаньне паўнамоцтваў, прадстаўнікі Гарадзеншчыны спрабавалі ўгаварыць яго не сьпяшацца, не рабіць заўчасных крокаў, але Васіль сказаў, што ягонае рашэньне канчатковае»
На думку Марголіна, тут адыгралі найперш дзьве прычыны: па-першае, Васіль не ўяўляў таго аб’ёму працы, які выпадае на долю старшыні партыі, па-другое, ён спадзяваўся пераехаць у Менск, але гэта не атрымліваецца, а кіраваць дыстанцыйна таксама не ўдаецца.
Паводле Марголіна, асабістыя сувязі былога старшыні партыі Лябедзькі, якія ён перадаў Палякову, не заўжды спрацоўвалі.
Сам Васіль Палякоў на сёньняшняй сустрэчы ў АГП адсутнічае — ён ня лічыць гэта неабходным, паколькі ён усё выклаў у сваёй заяве. Праз тэлефон Палякоў таксама пакуль недасяжны.
Былы лідар партыі Анатоль Лябедзька абяцаў быць на сустрэчы, але таксама не прыйшоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы лідэр АГП Казлоў: «Зіц-старшыня — гэта не пра мяне»