«Вясна»: Палітвязень Міхаіл Жамчужны за год адбыў у карцэры 100 дзён

Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

Праваабаронцы зьбіраюць дакумэнты для звароту ў Камітэты ААН па правах чалавека і па катаваньнях адносна перасьледу засуджанага з палітычных матываў Міхаіла Жамчужнага. Жамчужны адбывае пакараньне ў Горацкай папраўчай калёніі.

Былы выкладчык Міхаіл Жамчужны з пачатку году адбыў у карцэры Горацкай калёніі 100 дзён. Такую лічбу вывелі ў Праваабарончым цэнтры «Вясна» на падставе зьвестак ад адваката і рэдкіх лістоў Міхаіла Жамчужнага на волю. Апошнія 10 сутак турэмнага арышту ў ШЫЗА (штрафным ізалятары) Міхаіл Жамчужны атрымаў 10 верасьня, паведамляе ПЦ «Вясна».

«Трымаюць у карцэры, каб не пераслаў папераў»

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які разам зь Міхаілам Жамчужным у 2010-х гадах заснаваў праваабарончую арганізацыю «Плятформа Інавэйшн», мяркуе, што небясьпечнае становішча, у якое трапіў ягоны калега, можа выправіць толькі ціск на ўлады Беларусі звонку.

«Калі не рабіць актыўных захадаў салідарнасьці зь Міхаілам Жамчужным, гэтак будзе працягвацца яшчэ 3 гады, што засталіся яму да выхаду на волю, і вынік можа быць самы дрэнны. Хто гэта вытрымае? ШЫЗА — ПКТ, ШЫЗА — ПКТ, і гэтак будзе паўтарацца зноў і зноў. Таму мы пачалі падрыхтоўку дакумэнтаў у Камітэт правоў чалавека ААН і ў Камітэт ААН па катаваньнях».

Паводле Бандарэнкі, праваабаронцы зьбіраюць зьвесткі для звароту ў Камітэты ААН па правах чалавека і па катаваньнях. Але ўзьнікла праблема: калі Міхаіл Жамчужны знаходзіцца ў ШЫЗА, ён пазбаўлены права на ліставаньне і ня можа даслаць нам паперы, якія сьведчаць пра чарговы перасьлед.

«Гэтак адбываецца ужо два месяцы, і мы не выключаем, што яго зноў і зноў кідаюць у карцэр менавіта дзеля таго, каб не ліставаўся з намі», — сказаў Свабодзе Андрэй Бандарэнка.

Андрэй Бандарэнка

Паводле праваабаронцы, цяпер у камітэты ААН будуць накіраваныя звароты ад імя Міхаіла Жамчужнага на падставе толькі часткі дакумэнтаў.

«Калі не атрымаем усіх доказаў, усё роўна будзем адпраўляць зварот і адзначым, што пакуль, на жаль, з такіх прычын ня маем доступу да пэўных дакумэнтаў. Такое магчыма, і, спадзяюся, неабходныя дакумэнты мы ўсё ж атрымаем і справа Міхаіла Жамчужнага ў ААН будзе дасьледаваная», — сказаў Андрэй Бандарэнка.

У 2015 годзе Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. У тым жа годзе судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Міхаілу Жамчужнаму больш строгае пакараньне — 6,5 года пазбаўленьня волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару.

У судзе, які праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, Міхаіл Жамчужны сваёй віны не прызнаў. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі лічаць, што ўлады помсьцяць Міхаілу Жамчужнаму за праваабарончую дзейнасьць і спробу выкрыць злоўжываньні ў міліцыі. Праваабаронцы дамагаюцца, каб прысуд Міхаілу Жамчужнаму быў адменены і каб ягоную справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Зьмітру Паліенку адмянілі спатканьне з бацькам