У час маніторынгу будаўніцтва акумулятарнага заводу прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў выявілі шэраг парушэньняў.
На пляцоўцы, паведаміла МНС,
- не арганізаваная праца пазаштатных пажарных фармаваньняў,
- інструкцыя па пажарнай бясьпецы не адпавядае нормам,
- не арганізаваная падрыхтоўка працаўнікоў па пажарнай бясьпецы,
- пляцоўка не ўкамплектаваная ў поўным аб’ёме сродкамі гашэньня агню,
- балёны з гаручым газам захоўваюцца побач з балёнамі з кіслародам,
- бытавыя і службовыя памяшканьні мабільных пабудоваў не абсталяваныя спраўнымі пажарнымі апавяшчальнікамі і гэтак далей.
У кампаніях «Алвора-Бел» і «АйПаўэр» гэтую інфармацыю пацьвердзілі. Ды «ПАК-кіраваньне», у склад якой уваходзіць «АйПаўэр», яшчэ не прыняла аб'ект, дзе МНС выявіла парушэньні, сказала Свабодзе намесьніца дырэктара «ПАК-Кіраваньне» Сьвятлана Вяртай.
Завод будуюць на пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасьце». На ім маюць наладзіць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Мясцовыя жыхары пратэстуюць супраць будаўніцтва, нягледзячы на забароны мясцовых уладаў: праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра шэраг парушэньняў працэдураў будаўніцтва.